Перыяд дзеяння: ліпень 1941 г. – чэрвень 1944 г.
Месца: г. Віцебск і прыгарад
Віцебскае партыйна-патрыятычнае падполле пачало сваю дзейнасць з першых дзён акупацыі ў Віцебску і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б і Віцебскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Барацьбу камсамольцаў і моладзі ўзначалілі Віцебскі падпольны абкам ЛКСМБ і Віцебскі падпольны гаркам ЛКСМБ.
У станаўленні і развіцці Віцебскага партыйна-патрыятычнага падполля выразна акрэсліваюцца 2 перыяды: першы – ад пачатку акупацыі Віцебска да адкрыцця Віцебскіх (Суражскіх) «варот» у лютым 1942 г. і другі – з лютага 1942 г. да канца чэрвеня 1944 г. – дня вызвалення. Прыфрантавое становішча горада на працягу трох гадоў унесла спецыфіку як у дзейнасць патрыётаў на акупіраванай Віцебшчыне, так і Віцебскага падполля.
30 чэрвеня – 1 ліпеня 1941 г. ЦК Кампартыі Беларусі накіраваў у неакупіраваныя раёны дырэктывы, якія абавязвалі партыйныя, савецкія і камсамольскія арганізацыі рыхтавацца да пераходу на падпольную работу, разгортваць партызанскі рух. У Віцебску для вядзення нелегальнай работы партыйныя і камсамольскія органы пакінулі больш за 60 камуністаў, 150 камсамольцаў і 12 супрацоўнікаў міліцыі.
Многія падпольныя групы ў пачатковы перыяд акупацыі былі створаны патрыётамі самастойна. Аднымі з першых у ліпені – жніўні 1941 года ўступілі ў барацьбу з акупантамі падпольныя групы К. С. Акаловіч, А. Я. Белахвосцікава, В. А. Вярбіцкага, У. А. Казлоўскага, А. Г. Канаплёва (пазней Л. Д. Бярозкінай), В. С. Кулагінай, П. К. Ляхоўскага, Ф. К. Мехава і А. А. Гагулі, М. Я. Нагібава, П. С. Смірнова, Е. С. Спірыдонавай, В. Д. Шалуха, дыверсійная група В. І. Кірыленкі і інш. Нелегальныя згуртаванні ўзнікалі на чыгуначным вузле, гарадской электрастанцыі, вузле сувязі, на чэпінскім лесаскладзе, сярод медыцынскіх работнікаў. Да канца 1941 года барацьбу супраць захопнікаў у горадзе вялі больш за 20 груп. Падпольшчыкі праводзілі антыфашысцкую агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, ажыццяўлялі дыверсіі на ваенных аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных і выводзілі іх з горада. Зімой 1941–1942 гг. з лагера ваеннапалонных, які размяшчаўся на тэрыторыі былога 5-га Чыгуначнага палка, з дапамогай падпольшчыкаў збеглі каля 3 тыс. ваеннапалонных.
Фашысты лютавалі. Першымі іх ахвярамі ў Віцебску сталі пракурор С. Н. Міхайлаў, суддзя Вера Фядотава, машыніст Струкін, сакратар камітэта камсамола паравознага дэпо Аркадзь Каласоўскі, юны апалчэнец Леанід Бараноўскі і іншыя патрыёты. Пачалося знішчэнне жыхароў горада яўрэйскай нацыянальнасці. На вуліцах і плошчах з’явіліся шыбеніцы. У верасні 1941 г. фашысты схапілі і павесілі камсамольца Уладзіміра Вінаградава. На ўцалелым фотаздымку відаць надпіс: «Владимир Виноградов. Убил 29.9.41 г. в Витебске немецкого солдата». У снежні 1941 г. па даносе правакатара за захаванне радыёпрыёмніка быў павешаны малады камуніст Андрэй Канаплёў.
Цяжка меркаваць, мала ці многа зрабілі першыя падпольныя групы, але яны былі першапраходцамі, да таго ж дзейнічалі ў найбольш складаны перыяд вайны. Яны закладвалі асновы будучай усенароднай барацьбы з фашызмам.
Зімой – вясной 1942 года пачалі дзейнічаць падпольныя групы В. М. Арлоўскага, І. А. Бекішава, Г. К. Грабяньковай, В. М. Дзянісава, М. А. Журынскай, Т. А. Ламаносенка, А. І. Ліпці, Т. А. Марудава, А. А. Сакаловай, сясцёр Саладухіных і інш., з восені 1942 года – падпольныя групы І. С. Вялава, М. А. Ляхоўскага, М. К. Свечкінай. У 1942 годзе ў Віцебску дзейнічала 56 груп, многія падтрымлівалі паміж сабой цесную сувязь.
Гарадское падполле рабіла вялікі ўплыў на стварэнне і рост нелегальных арганізацый у прыгарадных населеных пунктах. Тут дзейнічалі падпольныя групы В. А. Азеуша, З. А. Гваздзёвай, П. П. Грунтова, М. І. Еўдакімава, Д. І. Земляковай, З. Ф. Кочатавай, В. С. Кулагінай, П. К. Ляхоўскага, А. В. Міхайлоўскай – Р. М. Гіро, І. А. Сідарэнка-Пабудзея і інш.
Аднак работа падпольных груп ускладнялася адсутнасцю адзінага кіруючага цэнтра ў горадзе і сувязі з Вялікай зямлёй, крывавым акупацыйным рэжымам. Яны былі вымушаны прымаць рашэнні і дзейнічаць самастойна.
У верасні 1942 года для ўзмацнення партыйнага кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана В. З. Харужая, якая ўзначаліла падпольную групу, так званы падпольны партцэнтр. 7 красавіка 1943 года Віцебскі абкам КП(б)Б прыняў рашэнне аб стварэнні Віцебскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Гаркам знаходзіўся ў размяшчэнні 1-й Віцебскай партызанскай брыгады, падтрымліваў радыёсувязь з ЦК КП(б)Б, Віцебскім абкамам КП(б)Б. Многія падпольныя групы праз сувязных дастаўлялі ў гаркам справаздачы аб сваёй рабоце, разведвальныя даныя, атрымлівалі газеты, лістоўкі, боепрыпасы.
Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, літаратуру, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро. Нелегальныя кватэры знаходзіліся ў дамах патрыётаў Вараб’ёвых, П. І. Гаўберг-Івановай, М. К. Оскер, А. С. Стаяковай, сям’і Свечкіных, сясцёр Саладухіных, Я. І. Тычынінай і іншых.
Са стварэннем у лютым Віцебскіх «варот» была наладжана добрая сувязь з Вялікай зямлёй. На акупаваную тэрыторыю былі закінуты шматлікія спецгрупы з радыёстанцыямі: А. П. Максіменкі, М. Р. Яфімава, Ю. С. Рудакова, М. І. Кавалёва, П. В. Буткевіча, П. А. Крылатых і інш. У горадзе працавалі разведгрупы «Іспалін» і «Макс». Падпольшчыкі наладзілі з імі сувязь, пераймалі ў іх формы і метады канспіратыўнай работы, атрымлівалі звесткі пра становішча на франтах і ў савецкім тыле. Добра ведаючы мясцовыя ўмовы і акупацыйны рэжым, дапамагалі спецыяльным групам выконваць заданні камандзіраў Чырвонай арміі.
У барацьбе супраць акупантаў дапамогу падпольшчыкам аказвалі нямецкія і чэшскія антыфашысты. Група Кочатавай пераправіла да партызан дэшыфравальшчыка нямецкай радыёразведкі чэха І. Лойду, які паведаміў камандаванню Чырвонай арміі каштоўныя звесткі. Антыфашысты з аховы лагера ваеннапалонных у 5-м Чыгуначным палку паведамілі групе Б. С. Шарэнды патрэбную інфармацыю, дапамагалі выводзіць з лагера ваеннапалонных. Падпольная група Шалуха супрацоўнічала з нямецкімі антыфашыстамі В. Крэўзігерам, В. Шмокам, Ф. Шнайдэрам. Працуючы ў авіяцыйных майстэрнях, яны вялі разведку, рабілі дыверсіі. Віцебскім падпольшчыкам дапамагаў нямецкі пісьменнік-камуніст П. Кёрнер-Шрадэр (К. Шрадэр), мабілізаваны ў 1939 годзе ў войскі вермахта. Ён перадаваў партызанам зброю, боепрыпасы, дакументы, харчы.
У канцы 1942 – пачатку 1943 года патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і іншых аб’ектах праціўніка: знішчаны рэдактар прафашысцкай газеты, узарваны 7 эшалонаў, здзейснены выбухі ў будынку гарадской паліцыі, клубе лётчыкаў на аэрадроме, выкліканы пажар на хлебазаводзе і інш. З лютага да лістапада 1943 года ў Віцебску пастаянна адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Па атрыманых звестках падпольшчыкаў і армейскіх разведчыкаў, савецкая авіяцыя настолькі дакладна і вынікова наносіла ўдары па варожых ваенных аб’ектах, што не толькі наводзіла на акупантаў страх, але і здзіўляла іх.
Падпольшчыкі горада цесна ўзаемадзейнічалі з партызанамі: яны забяспечвалі патрыётаў узрыўчаткай, мінамі, лістоўкамі, газетамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, разведінфармацыю, медыкаменты, медыцынскія інструменты, перавязачны матэрыял, прадукты, перапраўлялі да іх ваеннапалонных, прымалі ўдзел у баявых аперацыях. У лістападзе 1943 года група падпольшчыкаў і партызан на чале з Нагібавым ва ўзаемадзеянні з савецкімі войскамі падтрымлівала іх агнём у баях з праціўнікам каля вёсак Цыганы і Малыя Стайкі Гарадоцкага раёна. Па заданні савецкага камандавання патрыёты правялі ў тыл ворага часці Чырвонай арміі, разам з якімі наносілі ўдары па камунікацыях, жывой сіле і баявой тэхніцы ворага.
Спрабуючы разграміць і наогул спыніць партызанскі рух, знішчыць падполле, з канца 1942 г. і амаль на працягу ўсяго 1943 г. гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова ўзмацнялі рэпрэсіі адносна падпольшчыкаў. У падполлі пачаліся правалы. Так, у канцы 1942 г. у рукі гітлераўцаў трапілі сувязныя і армейскія разведчыкі з груп «Макса» і «Исполина» разам з радыёстанцыяй. Паплаціўся жыццём за падпольную работу чыгуначнік Прохар Воднеў. Загінула няўлоўная Каця-Шура Вінаградава, радыстка групы Крылатых. Вымушаны былі пакінуць горад К. С. Акаловіч і большая частка яе групы. 23 снежня 1942 г. на тэрыторыі канцлагера «5-ы Чыгуначны полк» былі расстраляны 13 з 24 падпольшчыкаў з груп Мехава і Гагулі. Гітлераўцы ўвялі ў падполле правакатараў, чым нанеслі яму цяжкі ўдар, былі знішчаны многія падпольныя групы. Падполле панесла вялікія страты: загінулі многія кіраўнікі, абарваліся сувязі з партыйнымі органамі, партызанамі.
Віцебскі падпольны гаркам КП(б)Б правёў вялікую работу па аднаўленні падпольнай сеткі, наладжванні сувязей. На працягу 1943 года створана 10 новых падпольных груп, якія ўзначалілі камуністы В. Т. Амельчанка, І. І. Анапрыенка, А. П. Барадзін, А. Ф. Гамаюнаў, І. С. Ермакоў, А. Г. Крукаў, В. Т. Путняк, Г. М. Рускіх, І. М. Чайка, камсамолец Г. С. Пісарэўскі.
Летам і восенню 1943 года савецкія войскі вызвалілі частку тэрыторыі Віцебскай вобласці і замацаваліся на бліжэйшых подступах да Віцебска. З верасня гітлераўцы пачалі эвакуацыю сваіх устаноў з горада, з кастрычніка – прымусовы вываз насельніцтва. У сакавіку 1944 года акупанты аб’явілі Віцебск крэпасцю, наваднілі франтавымі часцямі. Па ўзгадненні з партыйным кіраўніцтвам і партызанамі падпольныя групы з кастрычніка 1943 года пачалі пакідаць горад і ўлівацца ў партызанскія атрады.
За перыяд акупацыі ў горадзе дзейнічалі да 66 падпольных груп, а таксама шмат падпольшчыкаў-адзіночак (усяго каля 1 500 чалавек). Большую частку з іх складалі беларусы. Сярод падпольшчыкаў жанчыны складалі 42 %. Прадстаўнікі падполля мелі ў Віцебску больш за 50 канспіратыўных кватэр. У жорсткай і цяжкай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінуў амаль кожны трэці падпольшчык. Многія мужныя патрыёты былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а В. З. Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сёння вуліцы многіх гарадоў і населеных пунктаў носяць іх імёны.
ЛІТАРАТУРА
1. Витебское партийно-комсомольское подполье // Витебск : энцикл. справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 1988. – С. 124–127.
2. Дарафеенка, Н. І. Віцебскае падполле дзейнічае / Н. І. Дарафеенка // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск, 2002. – Кн. 1. – С. 456–464.
3. Дарафеенка, Н. І. Віцебскае партыйна-камсамольскае падполле / Н. І. Дарафеенка, М. У. Дарафеенка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 127–132.
4. Дарафеенка, Н. І. Спіс падпольных груп і важнейшых канспіратыўных кватэр Віцебскага партыйна-камсамольскага падполля / Н. І. Дарафеенка, М. У. Дарафеенка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 129–130.
5. Иванова, Т. П. Витебское подполье: историографический аспект. Трудности организации и деятельности / Т. П. Иванова // Віцебшчына ў 1941–1944 гг.: супраціў. Вызваленне. Памяць : матэрыялы навук.-практ. канф., Віцебск, 18–19 чэрв. 2009 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч (адк. рэд.) [і інш.]. – Віцебск, 2009. – С. 172–176.