Агульны стан эканомікі. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 25.07.2019 08:40
- Адноўлена 08.08.2019 08:34
Эканоміка Докшыцкага раёна характарызуецца рознабаковай накіраванасцю. Яе састаўляючымі з'яўляюцца сельскагаспадарчыя арганізацыі, прамысловыя прадпрыемствы, аб'екты гандлю і грамадскага харчавання, будаўніцтва, бытавога абслугоўвання, суб'екты малога бізнесу і іншыя.
Вядучая галіна гаспадарчага комплексу раёна – сельская гаспадарка. У гэтай галіне ў пачатку XXI стагоддзя адбыліся значныя перамены. Істотныя пераўтварэнні зведала сістэма кіравання сельскай гаспадаркай раёна, ды і самі прадпрыемствы. Так, усе 12 калгасаў у 2002–2003 гг. былі пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, пры гэтым усе яны змянілі назву; 5 саўгасаў сталі камунальнымі ўнітарнымі сельгаспрадпрыемствамі. Адбылося аб'яднанне асноўных прадпрыемстваў па абслугоўванні сельскай гаспадаркі – «Райсельэнерга», «Райсельгасхіміі», «Райагразабеспячэння» – у ААТ «Докшыцкі аграсэрвіс». У 2003 г. калгас «Чырвоны сцяг» быў пераўтвораны ў падсобную гаспадарку «Докшыцкага аграсервіса». У раёне з'явіліся 20 фермерскіх гаспадарак. Агульная зямельная плошча сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на той час складала 69500 га.
Зараз сельскагаспадарчы комплекс раёна прадстаўляюць 9 арганізацый, з іх 5 адкрытых акцыянерных таварыстваў, 4 унітарныя прадпрыемствы. Сярод іх камунальныя ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: «АграСітцы», імя Чарныша, «Гняздзілава-Агра», «Докшыцкі»; адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Бягомльскі», «Докшыцкі аграсэрвіс», «Барсучанка», «Замасточанскае», «Таргуны». У пералічаных арганізацыях занята больш за 1,4 тыс. чалавек.
За гаспадаркамі замацавана 64794 га сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 36,441 га раллі. Асноўная маса гаспадарак спецыялізуецца ў малочна-мясным кірунку з развітай вытворчасцю збожжа і рапсу. Паводле статыстычных дадзеных, колькасць буйной рагатай жывёлы ў раёне складае 29628 галоў. За 2018 год сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна вырашчана 3,3 тыс. тон мяса буйной рагатай жывёлы. Найлепш справы па ўзнаўленні статку абстаяць у ААТ «Барсучанка» і КУП «Докшыцкі». Валавая вытворчасць малака па раёне складае 31,3 тыс. тон. Па надоях і рэалізацыі малака на карову ўжо даволі працяглы час лідарам з'яўляецца ААТ «Бягомльскае».
Валавы збор збожжавых і зернебабовых у раёне складае 29,8 тыс. тон. Ураджайнасць збожжавых – 18,2 ц/га. Нарыхтавана кармоў для грамадскага пагалоўя жывёлы 59,1 тыс. тон кармавых адзінак, у разліку на ўмоўную галаву жывёлы – 29,2 ц.
У Докшыцах ёсць прадпрыемствы, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку: адкрытае акцыянернае таварыства «Докшыцкі аграсэрвіс», дзяржаўная лячэбна-прафілактычная ўстанова «Докшыцкая раённая ветэрынарная станцыя», рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па племянной справе і штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл «Докшыцкая райплемстанцыя», Докшыцкая раённая дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, карантыне і абароне раслін.
У састаў прамысловага комплексу ўваходзяць філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебскхлебпрам» Докшыцкі хлебазавод, раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Докшыцы-камунальнік», адкрытае акцыянернае таварыства «Завод "Ветразь"», Докшыцкае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 180, філіял КУП «Віцебскаблдарбуд», Докшыцкае ПМС і Докшыцкая ПМК-52.
У раёне працуюць малыя прадпрыемствы. Найбольш буйнымі з'яўляюцца: Докшыцкі філіял таварыства з абмежаванай адказнасцю «Міран-парфум», сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Хольцімпэкс». Апошняе працуе ў раёне на працягу 11 гадоў. Прадпрыемства займаецца дрэваапрацоўкай. Асноўны від выпускаемай прадукцыі – клеены аконны брус, які экспартуецца ў шматлікія еўрапейскія краіны. Сярод іх Францыя, Германія, Італія, Польшча. У мінулым годзе нават быў заключаны дагавор з Кіпрам. Зараз ёсць дамоўленасць на пастаўку з Венгрыяй і Расіяй. Докшыцкі філіял ТАА «Міран-парфум» здзяйсняе расфасоўку парфумернай прадукцыі.
Будаўнічая галіна Докшыцкага раёна прадстаўлена асноўнымі прадпрыемствамі: даччынае камунальнае ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства «Докшыцкая перасоўная механізаваная калона № 52», філіял «Докшыцкае дарожнае рамонтна-будаўнічае упраўленне № 180» КУП «Віцебскаблдарбуд». За 2018 год у Докшыцкім раёне ўведзена ў дзеянне 6748 м2 жылля. Увод забяспечаны за кошт будаўніцтва жылых дамоў у г. Докшыцы і аг. Крулеўшчына, індывідуальнага будаўніцтва. Акрамя гэтага, у 2018 годзе ажыццяўляліся работы па капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі паліклінікі на 250 наведванняў у змену УАЗ «Докшыцкая ЦРБ» і ДУА «Яслі-сад № 1 г. Докшыцы», будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры і інш.
Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляе 271 гандлёвы аб'ект агульнай плошчай 15,5 тыс. м2, у тым ліку 192 крамы. У 2018 г. уведзена ў дзеянне 20 гандлёвых аб'ектаў розных формаў уласнасці, агульнай плошчай 1,1 тыс. м2, у тым ліку ў г. Докшыцы – 12 гандлёвых аб'ектаў, у г. п. Бягомль – 5 гандлёвых аб'ектаў і ў сельскай мясцовасці – 3 аб'екты. Сістэме спажывецкай кааперацыі раёна належаць 73 крамы, у тым ліку 47 – у сельскай мясцовасці, 22 прадпрыемствы грамадскага харчавання і 7 аўтамагазінаў. Актыўна развіваецца сегмент рынку продажу тавараў праз Інтэрнэт. Ён прадстаўлены 11 інтэрнэт-крамамі суб'ектаў гаспадарання Докшыцкага раёна.
Паслугі грамадскага харчавання прадастаўляюць 59 аб'ектаў, з якіх 29 прадпрыемстваў грамадскага харчавання з колькасцю 1215 пасадачных месцаў, з'яўляюцца агульнадаступнымі. Для павелічэння аб'ёму паслуг грамадскага харчавання Докшыцкім райпо праведзена мадэрнізацыя крамы «Кулінарыя», набыта халадзільнае і гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне, арганізавана дастаўка піцы і прадукцыі, што вырабляецца ў аб'екце «Лепім самі» на дом па папярэдніх заказах.
Насельніцтву раёна аказваюцца 11 асноўных відаў бытавых паслуг: індывідуальны пашыў вопраткі, рамонт абутку, рамонт складанай бытавой тэхнікі, мэблі, гадзіннікаў, паслугі пракату, цырульні, хімчыстка вопраткі, паслугі пральні, рытуальныя і іншыя віды паслуг.
Значны аб'ём рэалізацыі бытавых паслуг здзяйсняецца камунальным унітарным прадпрыемствам бытавога абслугоўвання «Бытавік», якое мае ў наяўнасці сталярны цэх, пілараму, майстэрні па пашыве і рамонце вопраткі, абутку, складанай бытавой тэхнікі, цырульню, сельскія комплексныя прыёмныя пункты.
У сферы транспарту працуе філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 14». У горадзе прадпрыемства абслугоўвае адзін аўтобусны маршрут, 2 міжгародныя. Дзейнасць астатніх, прыгарадных, 17 распаўсюджваецца на Докшыцкі раён.
У горадзе дзейнічае аддзяленне паштовай сувязі, пункт абслугоўвання «Белтэлекам». Працуюць 2 аператары сотавай сувязі, функцыянуюць 2 аўтаматычныя тэлефонныя станцыі.
За апошнія гады горад і раён значна змяніліся. З'явіліся новыя прадпрыемствы, дзякуючы мадэрнізацыі, больш эфектыўна сталі працаваць раней створаныя. Нарошчваюць аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, якая адпраўляецца на экспарт, філіял «Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу» (ВУ «Віцебскторф») УП «Віцебскаблгаз», ДЛГУ «Бягомльскі лясгас», паспяхова функцыянуе ААТ «Завод "Ветразь"», карыстаюцца высокім попытам, у тым ліку ў сталіцы, хлебабулачныя, кандытарскія вырабы Докшыцкага хлебазавода ААТ «Віцебскхлебпрам».
ЛІТАРАТУРА
1. Анечкина, Е. Семимильными шагами – в завтра / Е. Анечкина // Віцебскі рабочы. 2010. – 27 июня. – С. 2.
2. Варанковіч, А. Здабыткі 2018-га, планы на будучы год / А. Варанковіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 29 снеж. – С. 2.
3. Дедюро, Л. Новый импульс для развития Докшиц / Л. Дедюро // Вiцебскі рабочы. – 2006. – 14 студз. – С. 1.
4. Докшицам 600 : справочно-информационные материалы / отдел идеологической работы Докшицкого райисполкома ; фото С. А. Васько, Ю. А. Шульгат. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 20–21.
5. Ждановіч, Н. С. Укладваем – маем / Н. С. Ждановіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2009. – 17 кастр. – С. 2.
6. Жоўтка, Т. Без іх не заправішся і не паедзеш / Т. Жоўтка // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2005. – 3 верас. – С. 2.
7. Камінскі, І. І. Докшыцкі раён на сучасным этапе / І. І. Камінскі // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 590–593.
8. Несцяронак, А. Галоўны фактар поспеху / А. Несцяронак // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 8 снеж. – С. 1, 4.
9. Падбярэзкая, Т. Безадходная вытворчасць / Т. Падбярэзкая // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2018. – 11 крас. – С. 2.
10. Потребин, А. Газ пришел в Докшицы / А. Потребин // Рэспубліка. – 2006. – 13 студз. – С. 1.
11. У сённяшнім дні горада заслуга кожнага з Вас // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2007. – 15 верас. – С. 2, 7.