Помнікі гісторыі. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 22.10.2018 09:34
- Адноўлена 26.03.2019 09:13
З ліпеня 1941 года Бешанковіцкі раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ужо ў першыя месяцы барацьбы з ворагам беларускі народ праявіў смеласць, патрыятызм, волю да перамогі. На франтах вайны, у партызанскіх атрадах, падполлі мужна змагаліся з фашыстамі 1 мільён 300 тысяч беларусаў, у тым ліку 12 тысяч жыхароў Бешанковіцкага раёна.
Больш за 400 тысяч беларусаў стаялі на пастаянным баявым уліку ў партызанскіх брыгадах і атрадах.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна з фашыстамі змагаліся 1-я Віцебская (другога складу), 2-я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі (другога складу) «За Савецкую Беларусь», імя А. Ф. Данукалава, імя В. І. Леніна, імя В. І. Чапаева, «Дубава», Лёзненская і Чашніцкая партызанскія брыгады.
Бешанковіцкі раён быў вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе аперацыі «Баграціён» у чэрвені 1944 года. Баявыя дзеянні па вызваленні раёна вялі злучэнні 1-га і 60-га стралковых карпусоў 43-й арміі, 2-га і 23-га гвардзейскіх стралковых карпусоў 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту і злучэнні 84-га стралковага корпуса 39-й арміі 3-га Беларускага фронту.
Гарадскі пасёлак Бешанковічы быў вызвалены 25 чэрвеня 1944 года часцямі 334-й стралковай дывізіі 43-й арміі і часцямі 46-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі. Пасёлак Ула быў вызвалены 26 чэрвеня 1944 года.
Больш за 5 тысяч ураджэнцаў раёна ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 6 чалавек удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Гэта Павел Мінаевіч Раманаў (сакратар падпольнага Бешанковіцкага РК КПБ, камандзір партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь»), Леў Міхайлавіч Даватар (генерал-маёр, камандзір кавалерыйскага корпуса), Канстанцін Антонавіч Абазоўскі (ваенны лётчык-штурмавік), Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка (ваенны лётчык-штурмавік), Іван Іванавіч Строчка (маёр, камандзір артылерыйскай батарэі), Міхаіл Амосавіч Высагорац (камандзір інжынернай роты).
Цяжкім быў шлях да вызвалення і канчатковай перамогі. У Бешанковіцкім раёне свята захоўваюць памяць пра людзей, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны. Штогод да падножжа воінскіх пахаванняў і помнікаў воінскай славы прыходзяць тысячы жыхароў і гасцей раёна.
Памяць пра герояў-вызваліцеляў адлюстравана ў назвах вуліц у населеных пунктах раёна. Імя герояў прысвоена шматлікім школам, Ульскаму прафесійна-тэхнічнаму ліцэю. Матэрыялы пра подзвігі народа ў Вялікай Айчыннай вайне размешчаны ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. У памяць пра землякоў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы, у Бешанковічах збудаваны Курган Славы.
Усяго на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна 44 воінскія пахаванні і 39 помнікаў воінскай славы.
Самыя масавыя пахаванні ў в. Астроўна – 435 і 300 пахаваных, в. Дуброва – 276 пахаваных, Узрэчча – 212 пахаваных.
У канцы 50-х гадоў на месцы пахавання 212 байцоў Чырвонай Арміі ў в. Узрэчча, якія змагаліся за вызваленне раёна, сярод якіх 8 Герояў Савецкага Саюза, быў усталяваны памятны знак.
У 2008 годзе напярэдадні дня Незалежнасці пасля рэканструкцыі тут быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Узрэчча».
Помнікі і памятныя мясціны на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна:
Курган Славы ў г. п. Бешанковічы;
помнік на магіле ахвяр фашызму і ваеннапалонных у г. п. Бешанковічы;
помнік на магіле ахвяр фашызму ў в. Астроўна;
помнік на магіле ахвяр фашызму і землякам у г. п. Бешанковічы;
помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у г. п. Бешанковічы;
мемарыяльны комплекс «Узрэчча» ў в. Узрэчча;
помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў – в. Астроўна, Дуброва, Заграддзе, Клешчыно, Мамойкі 2-я, Свяча, Скакуноўшчына, Слабодка, Сокарава, Старадворцы, Фролкавічы;
помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан в. Вярхоўе, Задарожжа, Крывое Сяло, Навасёлкі, Пажарышча, Плісы, Саннікі;
помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у в. Галыні;
помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у г. п. Ула;
помнік на брацкай магіле чырвонаармейцаў у в. Бачэйкава;
помнік на магіле ахвяр фашызму ў в. Дворнікі, г. п. Ула;
помнік на магіле партызан і ахвяр фашызму ў в. Чанавічы;
помнік на магіле савецкага воіна ў в. Ржаўка;
помнік у гонар партызанскіх атрадаў «Сібірак» і імя В. І. Чапаева ў в. Чанавічы;
помнік Л. М. Даватару ў в. Хоціна;
помнік землякам у в. Астроўна, Бачэйкава, Будзілава, Верхняе Крывіна, Вярхоўе, Двор Нізгалава, Забелле, Клешчыно, Крупеніна, Луг, Мамойкі 1-я, Паўазер'е, Полькавічы, Ржаўка, г. п. Ула, в. Чурылава;
помнік савецкім воінам у в. Гняздзілава;
помнік на месцы бою 1812 года ў в. Астроўна.
ЛІТАРАТУРА
1. Акулёнак, Л. Помнікі вечнай славы / Л. Акулёнак // Зара (Бешанковiчы). – 2004. – 22 чэрв. – С. 2.
2. Апанасёнок, Н. Сохраняя память столетий / Н. Апанасёнок // Зара (Бешанковічы). – 2011. – 29 лістап. – С. 3.
3. Бешанковіцкі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 119–134.
4. Паўлоўская, Л. Памяць стагоддзяў / Л. Паўлоўская // Зара (Бешанковічы). – 2011. – 4 лістап. – С. 4.
СПАСЫЛКІ