Помнікі археалогіі. Полацкі раён
- Подробности
- Створана 02.07.2019 08:40
- Адноўлена 22.07.2019 09:33
Выяўленыя ў Беларускім Падзвінні археалагічныя помнікі могуць шмат расказаць аб далёкім мінулым плямёнаў і народаў, што ад сівой старажытнасці і да эпохі ранняга феадалізму засялялі берагі Заходняй Дзвіны. Гэтыя помнікі сведчаць аб тым, што берагі Заходняй Дзвіны людзі засялілі не пазней эпохі неаліту.
Найбольш старажытны помнік горада Полацка – гарадзішча, якое знаходзіцца на беразе ракі Палата, за 1 км ад месца, дзе яна ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Гарадзішча займае каля 1 га. Цяпер яго пляцоўка густа забудавана. Узнікла гарадзішча ў пачатку жалезнага веку і спачатку належала плямёнам днепра-дзвінскай культуры. Каля сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. людзі пакінулі яго. Пазней, у VIII–IX стст., тут узнік першапачатковы летапісны Полацк. З усходняга боку – селішча апошняй чвэрці 1 тысячагоддзя.
У X–XI стагоддзях пры ўпадзенні Палаты ў Заходнюю Дзвіну быў пабудаваны вялікіх памераў Верхні замак, куды перамясціўся цэнтр Полацка. Гарадзішча, як умацаванне, паступова страціла сваё значэнне. У XI стагоддзі на замчышчы быў узведзены выдатны помнік старажытнага беларускага дойлідства – Сафійскі сабор, які ў рэканструяваным выглядзе захаваўся да нашых дзён. На ўсход ад Верхняга замка, у міжрэччы Палаты і Заходняй Дзвіны, размешчаны Вялікі пасад, які займае цэнтральную частку сучаснага Полацка, абмяжоўваецца трасай вуліцы Гогаля, з поўначы – вуліцай Скарыны і ракой Палата. Першапачатковым ядром пасада было селішча, пазней тэрыторыя Ніжняга замка.
Асобную групу старажытных помнікаў складаюць культавыя пабудовы, якіх у дамангольскі перыяд у Полацку было ўзведзена больш за дзесяць. Рэшткі такіх помнікаў былі знойдзены ў час археалагічных раскопак у некаторых мясцінах Верхняга замка, на тэрыторыі школы № 8 і ва ўсходняй частцы вострава на Заходняй Дзвіне. У паўночнай частцы Полацка, на левым беразе р. Палаты, знаходзіцца вядомы архітэктурны помнік – Спаса-Еўфрасіннеўская царква XII стагоддзя. За некалькі дзясяткаў метраў на ўсход ад Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы – фундамент яшчэ адной культавай пабудовы, якую вывучаў прафесар М. К. Каргер. Рэшткі культавых помнікаў XII стагоддзя ёсць таксама на левым беразе Заходняй Дзвіны, у Бельчыцах.
Цікавы і складаны старажытны помнік – Запалоцце – заходняя частка горада Полацка. Тут, уздоўж Заходняй Дзвіны на многія сотні метраў добра відаць культурны пласт таўшчынёй у 1–2 м, з якога падчас вясенніх паводак вымываецца вялікая колькасць розных рэштак матэрыяльнай культуры XI–XVII стст.
Спіс помнікаў археалогіі Полацкага раёна
ЛІТАРАТУРА
1. Археалагічнае вывучэнне Полацка // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал : Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 27–48
2. Гавяйновіч, В. Пакланяемся крыжу / В. Гавяйновіч // Полацкі веснік. – 2009. – 20 кастр. – С. 5.
3. Гармель, И. Обсерватория бабушки Алены / И. Гармель // Белорусская нива. – 2005. – 5 нояб. – С. 6.
4. Дук, Д. У. Гісторыя Полацка: па матэрыялах археалагічных даследаванняў : вучэбна-метадычны комплекс / Д. У. Дук. – Наваполацк : Полацкі дзяржаўны універсітэт, 2006. – 112 с.
5. Емяльянчык, В. А. Антрапалогія двух грунтовых могільнікаў курганнага перыяду (да пытання аб этнічнай сітуацыі на тэрыторыі Полацкай зямлі ў X–XIII стст.) / В. А. Емяльянчык // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24–25 кастрычніка 2007 г.) / уклад. Т. А. Джумантаева. – Полацк, 2009. – С. 279–286.
6. Ермалаева, В. Новыя сюрпрызы для археолагаў / В. Ермалаева // Народнае слова. – 2006. – 5 верас. – С. 5.
7. Полацкі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 332–377.
8. Сабітнюк, Н. Зорныя загадкі старажытнай Полацкай абсерваторыі / Н. Сабітнюк // Краязнаўчая газета. – 2010. – № 18 (май). – С. 1, 4.
9. Сабітнюк, Н. Унікальныя знаходкі вучняў на знакамітым Полацкім Стоўнхенджы / Н. Сабітнюк // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 2. – С. 7–8 ; № 3. – С. 7–8.
10. Ситдикова, О. Находка в Бездедовичах / О. Ситдикова // Полацкі веснік. – 2008. – 26 жн. – С. 7.