Школа сярэдняя № 1, ДУА. Чашніцкі раён, г. Чашнікі
- Подробности
- Створана 02.12.2019 08:40
- Адноўлена 09.12.2019 10:58
Сучасная назва | ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Чашнікі» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1864 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, г. Чашнікі |
Сайт | https://chashniki.schools.by/ |
Першыя звесткі аб навучальнай установе ў Чашніках адносяцца да 1864 года. У Памятнай кніжцы Віцебскай губерніі на 1889 год маецца запіс, што ў мястэчку Чашнікі Лепельскага павета было адкрыта народнае вучылішча ў 1864 годзе. У вучылішча залічана 46 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак. Выкладанне вёў настаўнік Аляксандр Іванавіч Захараў, настаўнік Закона Божага – святар Мікалай Сямёнавіч Тараткевіч. На ўтрыманне школы вылучаліся сродкі: з дзяржаўнай казны – 175 рублёў, з воласці – 163 рублі. Народнае вучылішча давала пачатковую адукацыю (3–4 гады).
У 1912 годзе на аснове Палажэння ад 26 чэрвеня Чашніцкае народнае вучылішча атрымала статус вышэйшага пачатковага вучылішча. Інспектарам (дырэктарам) вучылішча быў Фёдар Пятровіч Львоў. Выпускнікі маглі працягваць навучанне ў настаўніцкіх семінарыях і тэхнічных вучылішчах. У вышэйшым пачатковым вучылішчы з 1912 па 1914 гг. працаваў настаўнікам паэт Янка Журба (Іван Якаўлевіч Івашын). Пасля ўсталявання савецкай улады пачалася новая арганізацыя народнай адукацыі.
З 1918 года на пасяджэнні Віцебскага губона былі пастаўлены задачы на ажыццяўленне прынцыпаў новай школы. Чашніцкае вышэйшае пачатковае вучылішча атрымала назву «Савецкая працоўная школа 2 ступені».
У 1924 годзе, паводле архіўных звестак, школа была перайменавана ў Чашніцкую беларускую сямігадовую школу. Чашніцкую сямігодку ў розныя часы скончылі нашы знакамітыя землякі – Вісарыён Гарбук, Рыгор Рэлес.
У 1932 годзе разгортваецца спаборніцтва за званне «Лепшы настаўнік», «Лепшая школа».
У 1933 годзе школа атрымала статус «узорнай» (Чашніцкая Беларуская ўзорная школа).
1934/1935 навучальны год быў знамянальным у гісторыі школы. З гэтага часу Чашніцкая Беларуская ўзорная школа ператворана ў сярэднюю школу. У гэты перыяд у школе вучыліся дзеці не толькі г. Чашнікі, але і ўсяго Чашніцкага раёна.
Сярэдняя школа да 1941 года зрабіла 5 выпускаў. Па-рознаму склаліся лёсы першых перадваенных выпускнікоў.
Выпускнікі школы ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 4 выпускнікі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза: Буткевіч Леанід Уладзіміравіч, Краснік Іван Міхайлавіч, Навіцкі Яўген Гаўрылавіч, Пшонны Сяргей Фаміч.
У 1970 годзе быў пабудаваны новы будынак школы.
Сёння ў школе навучаецца 321 вучань. З іх – 154 з бліжэйшых вёсак. Навучаюць іх 40 настаўнікаў, з іх 37 маюць вышэйшую адукацыю. Калектыў у асноўным складаецца з прафесійных настаўнікаў, стаж работы якіх больш за 20 гадоў.
Адрас: Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, г. Чашнікі, вуліца Савецкая, д. 7.
ЛІТАРАТУРА
1. Сауліч, У. Уся школа ў «Космасе» / У. Сауліч // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 24 мая. – С. 2.
2. Ширко, Н. Весеннее настроение в День Рождения / Н. Ширко // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2019. – 7 сак. – С. 5.
3. Язёнок, Т. Смелые, стойкие, эрудированные... / Т. Язёнок // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2017. – 21 сак. – С. 6.