Школа сярэдняя Коханаўская імя І. П. Кожара, ДУА. Талачынскі раён, аг. Коханава
- Подробности
- Створана 06.02.2020 08:40
- Адноўлена 15.05.2024 15:04
Сучасная назва | ДУА «Коханаўская сярэдняя школа імя І. П. Кожара Талачынскага раёна» |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1868 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Талачынскі раён, г. п. Коханава |
Сайт | http://kokhanovo.tolochin.edu.by |
Коханаўская сярэдняя школа існуе з 1868 года. Была адчынена ў доме валаснога праўлення як аднакласнае народнае вучылішча.
1 студзеня 1869 года тут вучылася 29 хлопчыкаў, у 1876 г. – 37 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі, у 1898–1899 гг. – 124 хлопчыкі і 22 дзяўчынкі.
З 1904 года вучылішча стала двухкласным. Яно мела кавальскую, сталярную і слясарную майстэрні.
Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі называлася школай 1-й, 2-й ступеняў, з 1928 года – сямігадовай, з 1932 г. – сярэдняй.
У 1925–1927 гг. пабудаваны 2-павярховы будынак школы.
У перыяд акупацыі школьны будынак быў спалены, уся школьная маёмасць разрабавана і знішчана. Да 1944 года школу аднавілі.
З 1954 года дырэктар школы – Шарай Аляксандр Міхайлавіч.
У 1971 годзе пастаўлены сучасны шматпавярховы будынак. Мае вучэбныя кабінеты, спартыўную, актавую залы, планетарый, музей, дзе сабраны матэрыялы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці У. I. Леніна, выпускнікам школы: паэту I. Батраку, Героям Савецкага Саюза I. П. Кожару, Ф. Я. Макавецкаму, П. Ф. Сычэнку, Я. М. Целешаву, воінам Чырвонай Арміі і партызанам, якія вызвалялі Талачыншчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама ў школе вучыліся: народны мастак СССР М. А. Савіцкі, беларускі савецкі драматург А. Л. Петрашкевіч, кандыдаты навук В. Я. Кожар, I. С. Рымкевіч і іншыя.
У 1974–2000 гг. у школе працавала Таццяна Іванаўна Радзькова – заслужаны работнік асветы БССР.
У 2003 годзе школа становіцца ўдзельніцай міжнароднай канферэнцыі па ўкараненні інавацыйных тэхналогій. У тым жа годзе, да 135-годдзя школы, у падарунак ад абласнога ўпраўлення адукацыі атрымалі новы камп'ютарны клас.
У 2003 годзе быў адкрыты абноўлены школьны музей. Быў створаны школьны зімовы сад.
У 2012–2016 гг. у школе ажыццяўляўся праект «Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання на 2-й і 3-й ступенях агульнай сярэдняй адукацыі».
Школа двойчы з'яўлялася ўдзельнікам выставы ў Маскве і двойчы была ўзнагароджана бронзавымі медалямі.
У Коханаўскай школе створана безбар'ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу вучняў з абмежаванымі магчымасцямі.
На будынку Коханаўскай школы ўсталяваны мемарыяльныя пліты былым вучням – А. М. Алюшыну, І. Батраку, І. П. Кожару, М. А. Савіцкаму.
Адрас: Віцебская вобласць, Талачынскі раён, г. п. Коханава, вуліца Камунальная, 10.
ЛІТАРАТУРА
1. Бірукоў, В. Адсюль вытокі шляху ў жыццё / В. Бірукоў // Наша Талачыншчына. – 2018. – 14 лістап. – С. 1–2.
2. Бирюков, В. Идет подготовка к юбилею / В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2018. – 22 снеж. – С. 4.
3. Бирюков, В. Они – хранители памяти о прошлом / В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2021. – 19 мая. – С. 7.
4. Путь длиною в 150 лет // Наша Талачыншчына. – 2018. – 8 снеж. – С. 3.
5. Серада, А. Коханаўская СШ: вопыт у рэалізацыі інавацыйных праектаў / А. Серада // Наша Талачыншчына. – 2017. – 30 верас. – С. 4.
6. Середа, Е. На пути к познанию окружающего мира / Е. Середа // Наша Талачыншчына. – 2017. – 25 лістап. – С. 4.
7. Снаров, И. Бесценные экспонаты / И. Снаров // Витебские вести. – 2023. – 14 марта. – С. 6.
8. Снаров, И. Школе в Коханово – 155 лет! / И. Снаров // Наша Талачыншчына. – 2024. – 23 сак. – С. 5.