Культавая архітэктура. Расонскі раён
- Подробности
- Створана 07.04.2020 11:38
- Адноўлена 13.04.2020 12:18
Да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года на тэрыторыі сучаснага Расонскага раёна было ўзведзена 17 цэркваў. Храмы размяшчаліся ў вёсках: Галоўчыцы, Горкі, Горспля, Гарбачэва, Дворышча, Забор'е, Казімірова, Клясціцы, Кульнева, Межава, Мурагі, Парэчча, Расоны, Сакалішча, Тродавічы, Юхавічы, Якубова.
У вёсках Гарбачэва, Дзмітраў Мост былі касцёлы.
У адрозненне ад заходніх губерняў Беларусі, у якіх распаўсюдзіўся каталіцызм, на Расоншчыне панавала праваслаўнае культавае будаўніцтва.
Паводле свайго характару драўляныя храмы з'яўляліся арганічнай часткай як архітэктурнай, так і ландшафтнай панарамы шматлікіх паселішчаў Расоншчыны.
У архітэктуры 2-й паловы XIX – пачатку XX стст. шырока рэалізуецца нацыянальна-рамантычны мастацкі кірунак, арыентаваны на аднаўленне традыцый і форм старажытнарускага дойлідства. Прыхільнасць да «рускага» стылю ў праваслаўным царкоўным будаўніцтве з яго цыбулепадобнымі купаламі і макаўкамі-свечкамі, спічастымі шатрамі званіц, закамарамі, дэкаратыўнай узорыстасцю была прадвызначана афіцыйным на той час агульнарасійскім будаўнічым статутам.
З калейдаскапічнай шматстылёвасці архітэктуры мінулага толькі «бутавыя» цэрквы ўяўлялі сабой прыклад мастацкай аскетычнасці і падкрэсленай прастаты. Характарызаваліся амаль поўным адмаўленнем ад пануючага дэкаратывізму, абавязковых царкоўных атрыбутаў – какошнікаў, закамар, калонак.
Стваральнікі шматлікіх «сінадальных» цэркваў былі абмежаваны ў сваіх творчых пошуках зацверджанымі канонамі. Гэта датычылася толькі планіровачнай арганізацыі, калі трэба было захоўваць адпаведную колькасці прыхаджан плошчу памяшканняў. У вырашэнні знешняй архітэктуры жорсткіх цыркуляраў не існавала, акрамя адпаведнасці «старажытнаму візантыйскаму дойлідству».
Аднолькавых храмаў, за рэдкім выключэннем, не сустракалася. У кожным з іх была свая асаблівасць, хоць якая-небудзь адметная форма або дэталь.
ПРАВАСЛАЎНЫЯ ХРАМЫ
Царква (аг. Сакалішча);
Царква-помнік (аг. Клясціцы);
Царква ў гонар Узнясення Гасподняга (г. п. Расоны);
Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы (в. Горкі);
Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы (в. Якубова);
Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы (в. Парэчча);
Царква ў імя Святога прарока Іліі (в. Мурагі);
Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла (аг. Клясціцы);
Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла (в. Забор'е);
Царква ў імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба (в. Гарбачэва);
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца (в. Галоўчыцы).
КАТАЛІЦКІЯ ХРАМЫ
Касцёл Святога Юзафа і Найсвяцейшай Дзевы Марыі (в. Гарбачэва).
На Расоншчыне практычна ўсе храмы былі драўлянымі. Да нашых дзён яны не захаваліся.
Уяўленне пра культавую архітэктурную спадчыну раёна, якая не захавалася, дазваляюць зрабіць апісанні праваслаўных цэркваў у час страхавой ацэнкі, якая праводзілася ў 1910 годзе па ўсёй Расійскай імперыі. Дакументы захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу.
Да нашага часу захавалася толькі мураваная царква ў гонар Узнясення Гасподняга ў г. п. Расоны.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. З архітэктурнай спадчыны Расоншчыны / А. М. Кулагін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 30–33.
2. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – 488 с. : іл.
3. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – 656 с. : іл.
4. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – 656 с. : іл.
5. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – 328 с. : іл.
СПАСЫЛКІ