Галерэя мастацкая. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 13.06.2019 12:23
- Адноўлена 22.07.2019 09:22
Сучасная назва | Мастацкая галерэя |
Дата заснавання | 1981 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://gallery.polotsk.museum.by/ |
Полацкая гарадская карцінная галерэя была адкрыта 20 лютага 1981 года як філіял Полацкага краязнаўчага музея. У 1985 годзе ўвайшла ў склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. З 1981 да 1991 гг. карцінная галерэя размяшчалася ў будынку Богаяўленскага сабора, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя. У 1992 годзе, у сувязі з перадачай будынка Богаяўленскага сабора Полацкай епархіі, дзейнасць галерэі працягвалася ў будынку Музея беларускага кнігадрукавання. З 2002 года Мастацкая галерэя, як філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, размяшчаецца ў адным з карпусоў былога езуіцкага калегіума, адкрытага ў 1581 годзе па загаду караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя.
Агульная плошча экспазіцыі 900 м2. Пастаянная экспазіцыя галерэі складаецца з 3 раздзелаў.
У раздзеле «Сценапіс XII–XIX стст. Спаса-Праабражэнскай царквы XII ст. Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра» прадстаўлены фрагменты роспісаў полацкіх храмаў, якія захаваліся і дайшлі да нас праз дзесяць стагоддзяў. Стварэнне такой выставы – гэта вынік шматгадовай працы навукоўцаў, рэстаўратараў і музейшчыкаў. Яны значныя сёння не толькі як унікальны артэфакт, але і як аспект гістарычных, культурных і мастацкіх звестак, як твор мастацтва, які належыць не толькі мінуламу, але і наступным эпохам.
У раздзеле «Іканапіс XVII–XIX стст.» прадстаўлены ўнікальныя творы ўніяцкага іканапісу. Шэсць абразоў доўгі час знаходзіліся ў іканастасе Сафійскага сабора. У іх раскрываецца мясцовая самабытнасць, якая базіруецца на веданні яркіх узораў кніжнай мініяцюры, іканаграфіі візантыйскага і заходнееўрапейскага мастацтва. Гэтыя абразы з'яўляюцца яркім прыкладам уніяцкага культавага мастацтва на тэрыторыі Беларусі, для якога характэрна злучэнне жывапісу, разьбы, чаканкі.
Раздзел «Мастацтва Беларусі XX стагоддзя» ў храналагічным парадку адлюстроўвае этапы развіцця беларускага мастацтва і знаёміць з работамі вядомых мастакоў. Асобным блокам у экспазіцыі прадстаўлена творчасць мастакоў, чый шлях у мастацтве цесна звязаны з Полацкам. Гэта Н. Шчасная, С. Цімохаў, В. Васільеў, А. Канавалаў, А. Ладзісаў і інш.
У галерэі праводзяцца выставы беларускіх графікаў, жывапісцаў, скульптараў, мастакоў – членаў аб'яднанняў «Няміга-17», «Арцель», «Жодзінцы», акварэлістаў Каўнаскага саюза мастакоў (Літва), міжнародныя выставачныя праекты, якія ажыццяўляюцца пры дапамозе Інстытута імя Гётэ ў Мінску, выставы твораў замежнага выяўленчага мастацтва.
Калекцыі галерэі пастаянна папаўняюцца па меры правядзення археалагічных раскопак у горадзе, вывучэння і пошуку гістарычнага мінулага Полаччыны, набыцця твораў беларускіх мастакоў.
У Мастацкім салоне, які працуе пры галерэі, можна набыць у сваю калекцыю творы беларускіх мастакоў розных накірункаў: жывапіс, графіка, акварэль, батык, габелен, скульптура, кераміка. Пры фарміраванні калекцыі салона ўлічваецца высокі мастацкі ўзровень твораў, а таксама фінансавыя магчымасці пакупнікоў. Пры неабходнасці аказваецца кансультацыя па ўсіх пытаннях, адносна прадстаўленых твораў і прапануецца дапамога пры выбары неабходнага.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Стралецкая, д. 4А-4.
ЛІТАРАТУРА
1. Гришина, А. Краски истории / А. Гришина // Витебские вести. – 2014. – 16 сент. – С. 6.
2. Джумантаева, Т. А. Карцінная галерэя / Т. А. Джумантаева // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 867–868.
3. Завітайце ў мастацкую галерэю // Народнае слова (Віцебск). – 2003. – 6 сак. – С. 2.
4. Каленік, А. «Дом» творчых фантазій / А. Каленік // Полацкі веснік. – 2013. – 30 крас. – С. 5.
5. Каленік, А. Творчасць для роздуму / А. Каленік // Полацкі веснік. – 2018. – 11 снеж. – С. 4.
6. Катушонок, Г. Здесь приобщают к прекрасному / Г. Катушонок // Информ Плюс (Полоцк). – 2011. – 17 марта. – С. 4.
7. Козик, А. В Полоцке теперь своя Третьяковка / А. Козик // Витебский курьер. – 2002. – 19 нояб. – С. 1.
8. Лысенка, Л. Мастацкая дамінанта Полацка / Л. Лысенка // Мастацтва. – 2006. – № 9. – С. 8–9.
9. Лысенка, Л. М. Полацкая мастацкая галерэя / Л. М. Лысенка // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 477–479.
10. Малашэня, Л. Мастацкая галерэя ў Полацку / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2002. – 14 верас. – С. 5.
11. Малашеня, Л. Музей приглашает в кино / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2015. – 8 авг. – С. 11.
12. Мастацкая галерэя = Художественная галерея = Art Gallery // Музеі Полацка = Музеи Полоцка = Polotsk Museums / аўт. тэксту і ўклад. Т. А. Джумантаева ; фота І. У. Супранёнак ; пер. на англ. мову Н. А. Далжонак. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 113–186.
13. Полячёнок, Г. М. Выставочная деятельность Полоцкой художественной галереи / Г. М. Полячёнок // Х (55) Региональная научно-практическая конференция преподавателей, научных сотрудников, аспирантов и студентов университета : сборник статей / редкол.: А. Л. Гладков [и др.]. – Витебск : Витебкий государственный университет им. П. М. Машерова, 2008. – С. 298–300.
14. Художественная галерея в Полоцке [Изоиздание] / автор-сост. Л. М. Лысенко. – Минск : Рифтур, 2009. – 128 с.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйная старонка мастацкай галерэі ў ВК
Афіцыйная старонка мастацкай галерэі ў Facebook
Искусство в стенах иезуитского коллегиума. Репортаж из Полоцкой художественной галереи