Дамы і палацы культуры. Мастацкая самадзейнасць, Віцебск г.
- Подробности
- Створана 03.04.2023 13:13
- Адноўлена 14.06.2024 10:50
Горад Віцебск багаты культурнымі традыцыямі, якія сёння атрымліваюць сваё далейшае развіццё. Усё большы размах набывае фестывальны рух. Візітнай карткай горада сталі Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Значнае месца ў культурным асяроддзі горада займаюць установы культуры, якія ажыццяўляюць культурна-масавую і канцэртную дзейнасць.
Сярод іх можна вызначыць найбольш буйныя дзяржаўныя ўстановы:
«Цэнтр культуры «Віцебск» – установа з багатай гісторыяй, у структуру якой уваходзіць 7 філіялаў і падраздзяленняў: дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», канцэртная зала «Віцебск», летні амфітэатр, выставачная зала «Духаўскі круглік», Цэнтр нацыянальных культур, комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі (парк Мазурына), інтэрнэт-цэнтр і анлайн-крама падарункаў і мастацкіх тавараў BazArt;
«Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» – гэта і Дом рамёстваў, і майстэрня па вырабу, рамонту і настройцы музычных інструментаў, і салон-магазін па продажы вырабаў народных промыслаў «Фэст». Дзейнасць комплексу накіравана на ўдасканаленне работы па арганізацыі вольнага часу насельніцтва, захаванне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны горада, прапаганду лепшых дасягненняў народных рамёстваў і мастацтваў;
«Культурна-дзелавы цэнтр "Першамайскі"», які займаецца арганізацыяй вольнага часу насельніцтва і ў склад якога ўваходзяць: метадычны кабінет, канцэртная зала на 271 пасадачнае месца, канцэртная зала на 130 пасадачных месцаў, кабінеты гуртковай работы, выставачная зала, харэаграфічная зала. У цэнтры працуюць 22 клубныя фарміраванні, з іх 14 аб'яднанняў для дзяцей. Сярод іх: народный клуб «Ветэран», мастацкая студыя «Аліса», студыя сучаснага танца «Імпульс», эстрадная група «Красавік», студыя эстраднага танца «Фенікс» і іншыя;
«Палац культуры «Руба», плошча глядзельнай залы якога складае 442 м2 і разлічана на 420 пасадачных месцаў.
У Віцебску дзейнічаюць таксама Віцебская абласная філармонія, Палац культуры чыгуначнікаў і інш.
Другая палова XX ст. стала для Віцебска часам росквіту самадзейнай творчасці. Амаль на кожным прадпрыемстве горада былі свае самадзейныя калектывы, праходзілі святы песні, фестывалі, агляды мастацкай самадзейнасці. У Віцебску дзейнічалі 33 духавыя аркестры, якімі кіравалі таленавітыя людзі: Мікалай Каменскі – заслужаны работнік культуры, які стаяў на чале ваеннага духавога аркестра, потым яго ўзначальваў Андрэй Голуб. Лепшымі былі калектывы пад кіраўніцтвам Мікалая Васілеўскага, Якава Нэймана, Рыгора Цэтліна, Івана Фальтана, Рыгора Барэнбаума, Ізяслава Чэрніна. Трэба таксама адзначыць Віктара Гарбатоўскага, Міхаіла Талстога, Юрыя Гразнова, Марка Зелянкевіча, Анатоля Вавільчанкава, Галіну Калініну, Фёдара Саву, Віталя Раўзу, Юрыя Казлова, Аляксандра Суворава – калектывы пад іх кіраўніцтвам былі вядомы не толькі ў Беларусі, а за яе межамі. Актыўна развіваліся і харэаграфічныя калектывы. Імёны Івана Серыкава, Канстанціна Партнога, Леаніда Барадулькі, Паўла Гарбунова і іх калектывы назаўжды ўвайшлі ў гісторыю самабытнага танцавальнага мастацтва.
Зараз пры дамах, палацах, цэнтрах культуры і іншых клубных установах горада працуюць больш за 200 клубных фарміраванняў – аматарскія аб'яднанні, гурткі, клубы, калектывы мастацкай самадзейнасці для дарослых і дзяцей. У клубных установах, якія падпарадкоўваюцца гарадскому аддзелу культуры, 46 калектывам прысвоена званне «ўзорны» і «народны».
Пры навучальных і адукацыйных установах, у ведамасных і прафсаюзных клубных установах горада дзейнічаюць звыш 50 клубных фарміраванняў. З усіх вышэйшых навучальных устаноў Віцебска толькі акадэмія ветэрынарнай медыцыны мае тыпавы Дом культуры, які размешчаны на тэрыторыі студэнцкага гарадка.
У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва працуе народны гарадскі маладзёжны хор, народны клуб аматараў кіно «Дыялог». У 2005 годзе на базе Віцебскага дзяржаўнага вучылішча культуры і мастацтваў быў створаны заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца «На ростанях». Узорны хор і ўзорны аркестр народных інструментаў, а таксама заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ўзорны ансамбль класічнага танца «Піруэт» дзейнічаюць пры школе мастацтваў № 1. На базе школы мастацтваў № 2 створаны ўзорны духавы аркестр, а ў школе мастацтваў № 5 – узорны аркестр баяністаў. Узорны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Перапёлачка» існуе ў гімназіі № 3 г. Віцебска імя А. С. Пушкіна.
Традыцыйна ў Віцебску праводзяцца фестывалі і конкурсы мастацкай самадзейнасці. Найбольш значныя з іх: фестываль аўтарскай песні «Віцебскі лістапад»; абласны фестываль патрыятычнай песні «Афганістан баліць у маёй душы»; гарадскі фестываль школьных драматычных тэатраў «Школьны тэатр»; фестываль дзіцячай творчасці; конкурс юных кампазітараў імя А. В. Багатырова; Велікодны фестываль, гарадскі конкурс ваенна-патрыятычнай песні «Галасы Айчыны», фестывалі самадзейнай творчасці студэнцкай моладзі г. Віцебска і іншыя. У 2018 годзе ўпершыню прайшоў гарадскі фестываль альтэрнатыўнай творчасці «Маладзёжная хваля».
ЛІТАРАТУРА
1. Бабіч, Т. М. Віцебская народны духавы аркестр культурна-дзелавога цэнтра «Першамайскі» / Т. М. Бабіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 343.
2. Будкевич, М. Новая жизнь «Первомайского» / М. Будкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 1 мая. – С. 8.
3. Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь / склад., аўт. тэксту: І. І. Галабурда, А. І. Кавалёў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2017. – 216 с.
4. Камлёва, Н. Блеснули талантами / Н. Камлёва // Витебские вести. – 2017. – 6 мая. – С. 11.
5. Крупица, Н. И традиции, и современные форматы / Н. Крупица // Віцьбічы=Витьбичи. – 2021. – 11 февр. – С. VI. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
6. Кутынко, А. Песня остается с человеком / А. Кутынко // Витебские вести. – 2020. – 11 июля. – С. 12.
7. Матылёнак, С. А. Віцебская народны кінаклуб «Дыялог» / С. А. Матылёнак // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 344.
8. Мышлёнак, Л. Д. Сацыяльна-культурнае жыццё / Л. Д. Мышлёнак // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 448.
9. Наумова, А. Девушка, которая поет / А. Наумова // СБ. Беларусь сегодня. – 2022. – 17 мая. – С. 12.
10. Панарама фестивалей на Витебщине // Народная газета. – 2008. – 12 ліп. – С. 23.
11. Пастернак, Т. Сила – в разнообразии / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2007. – 1 лют. – С. 2.
12. Пінчукова, Н. Г. Віцебскі народны камерны аркестр народных інструментаў выкладчыкаў ДМШ № 1 / Н. Г. Пінчукова // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 344.
13. Прыдзвінскія карункі : (народная танцавальная спадчына Віцебшчыны) / Н. В. Уліновіч [і інш.] ; рэдкал.: Ю. В. Кузьмянкова [і інш.] ; рэд. муз. твораў: Д. В. Лабука, А. П. Слінькова. – Мінск : БудМедыяПраект, 2020. – 420 с.
14. Пушнякова, А. Время креатива / А. Пушнякова // Витебские вести. – 2019. – 9 апр. – С. 5.
15. Самотой, А. Вдохновились на творчество / А. Самотой // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 19 апр. – С. VII.– (Прил.: «Вечерний Витебск»).
16. Черниченко, Н. Полный восторг! / Н. Черниченко, А. Мельникова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 25 мая. – С. 12.