Музей гістарычны. Чашніцкі раён, г. Чашнікі
- Подробности
- Створана 28.11.2019 12:23
- Адноўлена 05.12.2019 11:11
Сучасная назва | Чашніцкі гістарычны музей |
Дата заснавання | 1991 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, г. Чашнікі |
Сайт | http://chasniki.museum.by/ |
Рашэнне аб стварэнні ў Чашніках гістарычнага музея было прынята 15 жніўня 1987 года Пастановай Бюро ЦК КПБ. Музей быў адкрыты для наведвальнікаў 29 сакавіка 1991 года.
Ідэю стварэння музея на Чашніччыне падтрымалі многія вядомыя землякі. Перадалі свае працы ў музей мастак з сусветным імем Ягор Батальёнак, таленавіты беларускі мастак Аляксандр Казлоўскі. Падарылі зборнікі сваіх твораў пісьменнікі і паэты Рыгор Рэлес, Алесь Шашкоў, Генадзь Пашкоў.
30 чэрвеня 2006 года рашэннем Віцебскага аблвыканкама музей зарэгістраваны як ДУ «Чашніцкі гістарычны музей». Сёння ў калекцыі музея налічваецца 10961 адзінка захоўвання, асноўнага фонду – 7951, навукова-дапаможнага – 3010.
Чашніцкі гістарычны музей сёння валодае багатымі калекцыямі прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, друкаваных выданняў, дакументаў, рарытэтаў з гісторыі тэхнікі, эталоннай калекцыі беларускай народнай вопраткі.
У музеі размяшчаецца 6 пастаянных экспазіцый і 1 часовая. Выстаўленыя ў экспазіцыі экспанаты з'яўляюцца ўнікальнымі: шкляныя бранзалеты XII ст., пярсцёнак XVI ст., размаляваны куфар і інш.
Важнае месца ў калекцыі музея займае матэрыял, які адлюстроўвае сельскае і спецыялізаванае гарадское майстэрства (чашніцкая кераміка, музычныя інструменты і г. д.).
Вялікую цікавасць уяўляе калекцыя кніг. Частка кніг выдадзена на высокім мастацкім узроўні: «Акафеснік», «Поўны цыкл набажэнстваў» ХІХ стагоддзя.
Гонар музея – 68 драўляных скульптур народнага майстра А. Асіпковай, якая перадала ўласныя вырабы ў музейны фонд.
У музеі таксама прадстаўлены матэрыялы аб стварэнні і дзейнасці антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, пра землякоў – Герояў Савецкага Саюза Л. У. Буткевіча, Я. П. Іваноўскага, Я. Г. Навіцкага, С. Ф. Пшоннага, М. А. Сурына, кавалера «Ордэна Славы» П. Р. Барадаўку.
Чашніцкі гістарычны музей вядзе актыўную працу па абнаўленні экспазіцый. Музеем арганізавана 18 выстаў, у тым ліку: «Калядныя ўзоры», «З крыніц адвечнай прыгажосці», «Кірмаш аднаго дня», «Кастрычнік. Рэвалюцыя. Мы», «З фотааб'ектыва да прыроды».
У музеі праходзяць музейныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, гульнявыя праграмы, выставы, фальклорныя святы, выязныя музейныя экскурсіі: «Ад помніка да помніка», «Гэта мой горад», «Іх імёнамі названыя вуліцы», «Чашнікі – мая маленькая радзіма».
У наяўнасці музея маецца сувенірная прадукцыя, якая прадстаўлена буклетамі, календарамі, вырабамі чашніцкіх рамеснікаў.
У 2012 годзе музей правёў навуковае даследаванне па тэме «Айчынная вайна 1812 года ў жыцці чашнічан».
Музей узнагароджаны дыпломам «За адраджэнне нацыянальных традыцый беларускай батлейкі» II абласнога конкурсу аматарскіх лялечных тэатраў «Кукольный мир» у 2012 годзе. Калекцыі музея за 2016 год папоўніліся 200 прадметамі музейнага значэння.
Экспазіцыі Чашніцкага гістарычнага музея
Выставачная зала «У сівых стагоддзях твае вытокі» – уключае калекцыі археалогіі, друкаваных выданняў, адзення, этнаграфіі, прадметаў побыту.
Выставачная зала «Вайна. Народ. Перамога» – уключае калекцыі дакументаў, рукапісы друкаваных выданняў, адзенне.
Выставачная зала «Край добрых людзей, край светлых ідэй» – уключае калекцыі жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотадакументаў.
Выставачная зала «Культура і адукацыя на Чашніччыне» – уключае калекцыі дакументаў, фотадакументаў, музычных інструментаў.
Выставачная зала «Рамесныя і прамысловыя заняткі чашнічан» – уключае прадметы з гісторыі тэхнікі, побыту і этнаграфіі.
Дырэктар музея – Касцянка Людміла Рыгораўна.
Адрас: Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, г. Чашнікі, плошча Свабоды, 1.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцянка, Л. Р. Чашніцкі гістарычны музей / Л. Р. Касцянка // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. сав.: Г. П. Пашкоў [і інш] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 544–547.
2. Кіндзяева, Н. Гістарычны музей у Чашніках / Н. Кіндзяева // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 469–470.
3. Кіндзяева, Н. Раённы гістарычны музей / Н. Кіндзяева // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 1996. – 10 лют. – С. 2–3.
4. Міхно, У. Халодны подых мінуўшчыны / У. Міхно // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 1999. – 13 студз. – С. 2.
5. Телятко, Е. Хранители раритетов / Е. Телятко // Витебские вести. – 2017. – 19 авг. – С. 11.
6. Торбина, И. Хранительница музейных реликвий / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнiкi). – 2005. – 8 кастр. – С. 2.
7. Шпакоўская, Г. Экспанаты з мястэчка над ракой Улай / Г. Шпакоўская // Народнае слова.– 2003. – 17 мая. – С. 5.