Музеі. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 17.04.2023 10:05
- Адноўлена 22.05.2023 15:33
Музеі Віцебска займаюць асобнае месца ў гісторыі і культуры горада і краіны. Яны не толькі скарбніцы, у якіх захоўваюцца прадметы даўніны айчыннай і сусветнай культурнай спадчыны, яны выступаюць культурна-асветніцкімі цэнтрамі, у значнай ступені ўплываюць на фарміраванне гістарычнай свядомасці грамадзян, з'яўляюцца важным інструментам ідэалагічнай работы. Многія музеі горада Віцебска знаходзяцца ў выдатных старажытных будынках, якія прыцягваюць увагу экскурсантаў як сваімі архітэктурнымі асаблівасцямі, так і сваёй гісторыяй.
Першы музей на Віцебшчыне быў заснаваны ў Полацкім езуіцкім калегіуме ў 1780 годзе. У ім дэманстраваліся цудоўныя фрэскі, карціны, зброя, вырабы з каштоўных камянёў, манеты. Пазней матэрыялы пачалі збірацца ў губернскай гімназіі ў Віцебску. Але пасля яе закрыцця калекцыя знікла бясследна. У XVIII – першай палове XIX стст. на тэрыторыі Віцебшчыны мелася пэўная колькасць калекцый, якія належалі шляхце і складаліся з прадметаў як знойдзеных на тэрыторыі рэгіёна, так і прывезеных з-за мяжы. Вывучэннем мясцовых старажытнасцяў займаліся галоўным чынам дваране. Сярод іх: А. Плятэр, М. Кусцінскі, Р. Шымановіч, В. Валковіч, А. Семянтоўскі, А. Сапуноў і іншыя. Толькі ў 1864 годзе ў Віцебску ўзнік першы мясцовы музей пры Статыстычным камітэце. У гэты музей паступалі розныя каштоўнасці, якія знаходзіліся на тэрыторыі Віцебскай губерні, перадаваліся дублеты з калекцый, сабраных членамі археалагічнай камісіі пры раскопках віцебскіх курганоў, траплялі туды і прадметы з праватных калекцый.
У 1880-я гады ў горадзе быў створаны першы прыватны музей. Ён належыў адвакату, вядомаму калекцыянеру Вацлаву Пятровічу Федаровічу і быў адным з найлепшых у краі. Рэчы Вацлаў Федаровіч набываў не толькі ў калекцыянераў, але і ў знаёмых у горадзе, паветах, у памешчыкаў, ксяндзоў. Вялізную колькасць экспанатаў ён сабраў сам, прымаючы ўдзел у археалагічных раскопках у Віцебску, на берагах Віцьбы і Дзвіны. У 1893 годзе па ініцыятыве гісторыкаў Е. Р. Раманава і А. П. Сапунова ў Віцебску ўзнік яшчэ адзін музей – царкоўна-археалагічны, які ствараўся з мэтай захавання рэчаў царкоўнай даўніны. А ў 1910 годзе быў створаны музей пры Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Асноўным фондам яго з'яўляліся калекцыі музея пры Статыстычным камітэце, які спыніў сваю дзейнасць да гэтага часу. Пасля шматлікіх пераездаў падчас вайны калекцыя В. Федаровіча была нацыяналізавана, калекцыя Віцебскай вучонай архіўнай камісіі перададзена Маскоўскай архіўнай камісіі, а прадметы царкоўна-археалагічнага музея ўвайшлі ў склад Віцебскага аддзялення Маскоўскай архіўнай камісіі. Узнікла пытанне аб стварэнні дзяржаўнага музея ў горадзе. Вядомы польскі калекцыянер Антон Брадоўскі прапанаваў для стварэння музея сваю ўласную калекцыю, якая налічвала больш за 10 тысяч экзэмпляраў, асабліва каштоўнай часткай яго калекцыі з'яўлялася нумізматычная. У 1918 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні Губернскага музея ў Віцебску, а ў 1924 годзе заснаваны Віцебскі гісторыка-археалагічны музей, які атрымаў статус аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея. У фонды зноў паступілі зборы В. Федаровіча, царкоўна-археалагічнага музея і калекцыя вучонай архіўнай камісіі, эвакуіраванага ў Віцебск Віленскага афіцэрскага сходу, каштоўныя рукапісы. З 1927 года экспазіцыя музея размясцілася ў будынку віцебскай ратушы.
У 30-я гады XX ст. музейная справа ў горадзе падвяргалася праверкам, былі пастаўлены мэты выключна эканамічнага і ідэалагічнага характару. У гады савецкай улады, акрамя Губернскага гістарычнага музея, у Віцебску былі створаны: музей сучаснага мастацтва (пры мастацка-практычным інстытуце), сельскагаспадарчы музей (пры Доме селяніна), ветэрынарна-заалагічны, эканамічна-прамысловы (пры эканамічным тэхнікуме), музей рэвалюцыі (пры сярэдняй школе № 29), санітарнай адукацыі і гігіены (пры сельскагаспадарчым тэхнікуме), педагагічны і іншыя. У 30-я гады XX ст. усе названыя музеі былі зачынены, толькі пры ветэрынарным інстытуце існаваў энтамалагічны кабінет. У былым будынку касцёла св. Антонія быў адкрыты Антырэлігійны музей. У 1939 годзе адкрылася карцінная галерэя Ю. Пэна, якая ў 1941 годзе была эвакуіравана ў Саратаў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны фонд абласнога дзяржаўнага гістарычнага музея быў эвакуіраваны таксама ў Саратаў. Работы па аднаўленні музея пачаліся адразу пасля вызвалення Віцебска. Так, быў праведзены капітальны рамонт, інвентарызацыя фондаў, стварэнне стацыянарнай выставы. Вялася актыўная работа па выставачнай дзейнасці, па адкрыцці новых аддзелаў. На працягу двух пасляваенных дзесяцігоддзяў Віцебскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей з'яўляўся адзіным гарадскім музеем. 3 1951 года мае сучасную назву – Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Другім дзяржаўным музеем у горадзе стаў абласны музей Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова, які прысвечаны жыццю і дзейнасці вядомага партызанскага камандзіра.
У 1966 годзе ў горадзе былі адкрыты два ведамасныя музеі – музей віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі і музей гісторыі віцебскага трамвая. 1970–80-я гг. сталі часам актыўнага стварэння музеяў на прадпрыемствах горада. У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. былі заснаваны новыя філіялы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея – музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва», літаратурны музей, мастацкі музей і музей гісторыі прыватнага калекцыянавання. Па ініцыятыве групы творчай інтэлігенцыі створаны Цэнтр сучаснага мастацтва, мэтай якога стала папулярызацыя традыцый віцебскай мастацкай школы. У склад музея ўваходзіць выставачная зала на вуліцы Белабародава, 5 і выставачная зала «Музычная гасцёўня». Адчыніўся для наведвання гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, музей Марка Шагала, пачала работу выставачная зала Цэнтра культуры «Віцебск» – «Духаўскі круглік», галоўнай мэтай якога стала кансервацыя рэшткаў Нарожнай (Вуглавой) вежы віцебскага каменнага замка 1-й паловы XIV ст. Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адкрыты ў гістарычным будынку, дзе ў 1918–1923 гг. размяшчалася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, з якім звязана дзейнасць такіх майстроў рускага авангарда, як Марк Шагал, Казімір Малевіч і Эль Лісіцкі.
Заслугоўваюць увагі і музеі, створаныя ў навучальных установах. Музеі гісторыі навучальных устаноў дзейнічаюць у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, у Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэце імя П. М. Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У ВДУ створаны літаратурны, біялагічны музеі і музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адкрыты мемарыяльны музей-пакой П. М. Машэрава. Музей народнай творчасці працуе ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Створаны шэраг музеяў у школах і сярэдніх спецыяльных навучальных установах Віцебска. Сярод найлепшых, якія варта наведаць гасцям і жыхарам горада, можна адзначыць музей мастацка-тэхнічнай творчасці пры Віцебскім дзяржаўным політэхнічным прафесіянальным ліцэі, музей каледжа сувязі, які прысвечаны ўдзелу сувязістаў у Вялікай Айчыннай вайне, музей ганаровых грамадзян г. Віцебска ў сярэдняй школе № 12, музейны пакой Героя Савецкага Саюза М. І. Кузняцова ў сярэдняй школе № 23, комплекс музеяў і экспазіцый у сярэдняй школе № 25, выстава «Скарбонка народных рамёстваў» у сярэдняй школе № 28, народны музей баявой славы 39-й арміі ў гімназіі № 5, музей сям'і ў гімназіі № 7, музей баявой славы 43-й арміі ў гімназіі № 9, музей пошукавых атрадаў пры Віцебскім абласным аб'яднанні пазашкольнай работы. Жыццю і творчасці Я. Купалы і Я. Коласа прысвечаны музейныя экспазіцыі ў сярэдняй школе № 7. Музей сярэдняй школы № 43 прысвечаны Герою Савецкага Саюза М. П. Шмырову; сярэдняй школы № 38 – малалетнім вязням канцэнтрацыйных лагераў; сярэдняй школы № 31 – Герою Савецкага Саюза В. Харужай і У. Леніну.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. История Витебских музеев / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1998. – 26 мая. – С. 3.
2. Бамбешка, І. І. Фарміраванне сеткі музейных устаноў Віцебска ў XIX – пачатку XX ст. / І. І. Бамбешка // 90 год Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею : матэрыялы навуковай канферэнцыі, 30–31 кастрычніка 2008 г., г. Віцебск / рэдкал.: Г. У. Савіцкі [і інш.] – Мінск : Медысонт, 2009. – С. 169–176.
3. Букіна, А. Музейная спадчына Віцебска / А. Букіна // Віцебскі сшытак. – 2000. – № 4. – С. 206–211.
4. Букіна, А. Музей Антона Брадоўскага ў Віцебску / А. Букіна // Віцебскі сшытак. – 2000. – № 4. – С. 202–205.
5. Голесник, С. Глаза разбегаются / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2015. – 18 марта. – С. 4.
6. Дашкевіч, В. Колькі ў Віцебску музеяў? / В. Дашкевіч // Витебский проспект. – 2012. – 4 окт. – С. 5.
7. Князева, Е. «Я хотел бы, чтобы все знали...» / Е. Князева // Витебские вести. – 2014. – 8 мая. – С. 22.
8. Корсак, О. В. Краеведческое направление деятельности Витебского губернского статистического комитета (60–80-е гг. XIX в.) / О. В. Корсак // Віцебскі край : матэрыялы ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выдання «Буквара» Спірыдона Собаля, 24 лістапада 2016 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2017. – Т. 2. – С. 52–55.
9. Музеи Витебска // Витязь (Витебск). – 2016. – 21 окт. – С. 6.
10. Пастернак, Т. Клад передали музею / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2012. – 12 чэрв. – С. 6.
11. Півавар, М. В. Музеі Віцебска ў XIX – пачатку XX cт. / М. В. Півавар // Искусство и культура. – 2012. – № 2. – С. 53–59.
12. Півавар, М. В. Музеі Віцебска на пачатку XXI cт. / М. В. Півавар. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2012. – 179 с.
13. Пивовар, Н. 50 музеев Витебска : путеводитель / Н. Пивовар ; худож. А. Гайтюкевич. – Витебск : Витебская областная типография, 2016. – 104 с. : ил.
14. Пукшанскі, А. Абноўленая экспазіцыя ў гонар падпольшчыкаў / А. Пукшанскі // Звязда. – 2014. – 8 мая. – С. 3.
15. Экспозиция «Памяти патриотов Витебщины 1941–1944 годов» // Музеи Беларуси = Музеі Беларусі = Museums of Belarus : фотоальбом / ред. сов.: В. В. Андриевич [и др.] ; пер. на англ. яз.: А. В. Титова, Ю. В. Баженов ; фото: А. П. Дрибас, С. М. Слепцов. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2018. – C. 141.
16. Подлипский, А. М. Музейный политкомиссар / А. М. Подлипский // Віцебскі край : матэрыялы V I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край», прысвечанай 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 19 лістапада 2020 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2021. – Т. 6. – С. 218–225.
СПАСЫЛКІ