Культавая архітэктура. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.01.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 09:30
Віцебская зямля багата гісторыка-культурнымі традыцыямі, якія сёння адраджаюцца і развіваюцца. За стагоддзі свайго існавання ў горадзе была знішчана вялікая колькасць архітэктурных каштоўнасцей, у тым ліку культавых. Развіццё храмавага будаўніцтва ў г. Віцебску, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, адбывалася пад уплывам агульнаеўрапейскай мастацка-стылістычнай эвалюцыі. Аднак асаблівасці палітычнай і рэлігійнай гісторыі спрыялі выпрацоўцы самабытных мясцовых архітэктурна-будаўнічых прыёмаў, спалучэнню разнастайных мастацкіх уплываў. Кожны з хрысціянскіх помнікаў меў свой лёс. Адны з іх не былі дабудаваны ўвогуле, іншыя неаднойчы былі зруйнаваны на працягу стагоддзяў і зноў адраджаліся. Драўлянае культавае дойлідства найбольш пацярпела ад пажараў і войнаў і амаль цалкам страчана. Вядомыя з гістарычных хронік і летапісаў шматлікія драўляныя культавыя пабудовы ранняга сярэдневякоўя да нашага часу не дайшлі. У «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582) Мацея Стрыйкоўскага ёсць звесткі пра цэрквы, заснаваныя ў XIV ст. у Віцебску і Вільні дзвюма жонкамі вялікага князя літоўскага Альгерда, праваслаўнымі па веравызнанні.
Праваслаўныя храмы гэтага перыяду характарызуюцца самабытнай чатырохвежавай кампазіцыяй, наяўнасцю абарончых прыстасаванняў, кантрасным бела-чырвоным дэкаратыўным вырашэннем. З розных крыніц вядомы аналагічныя, але ўжо неіснуючыя праваслаўныя храмы г. Віцебска XIV–XVI стст. – Свята-Духаўская і Пятніцкая цэрквы. У большасці выпадкаў іх алтарная частка складалася з трох апсід. У архітэктуры мураваных каталіцкіх храмаў таго часу традыцыі мясцовага дойлідства спалучаліся з рысамі цэнтральна-еўрапейскай готыкі. Абарончыя функцыі ў іх менш выразныя. Касцёлы мелі звычайна аднаапсідную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю альбо бязвежавую, альбо з адной магутнай вежай-званіцай на галоўным фасадзе.
У сярэдзіне XVI ст. у сацыяльна-ідэалагічную барацьбу паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі актыўна ўключыліся разнастайныя пратэстанцкія накірункі. Сціплая, але выразная архітэктура рэфармацкіх храмаў адлюстравала імкненне пратэстантаў да больш таннай царкоўнай абраднасці. Яны перанялі аднавежавы аднаапсідны тып гатычнага касцёла, але ў больш спрошчаным варыянце. Масіўныя атынкаваныя сцены аздабляў стрыманы ордэрны дэкор. Створаны ў 1540 годзе ордэн езуітаў стаў носьбітам ідэй контррэфармацыі. Езуіты стымулявалі развіццё архітэктурна-мастацкага стылю барока.
Пасля аб'яднання галоўных хрысціянскіх канфесій (1596) і абвешчання аб стварэнні ўніяцкай царквы з'явіўся яшчэ адзін накірунак рэлігійнага супрацьстаяння. У пачатку XVII ст. уніяцкае духавенства пачало адбіраць уласнасць праваслаўных манастыроў і брацтваў і ўмацоўваць сваё становішча. Ва ўніяцкіх культавых пабудовах на мяжы XVII–XVIII стст. пачалі складвацца самабытныя рысы позняга беларускага барока, якое атрымала ў мастацтвазнаўстве назву «віленскае». Віленскаму барока характэрна знітаванне ў кампазіцыі рамана-візантыйскіх уплываў і найбагацейшая пластычная распрацоўка фасадаў і інтэр'ераў. Фарміраванню гэтых асаблівасцей спрыяла, безумоўна, сама сутнасць уніяцкай царквы, якой уласціва спалучэнне традыцыйных элементаў праваслаўнай і каталіцкай абраднасці.
На працягу XVII–XVIII стст. пануючае становішча ў дзяржаве займала каталіцкая царква. Але пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ўсё пайшло наадварот. Амаль адразу пачалі зачыняцца кляштарныя комплексы шматлікіх каталіцкіх ордэнаў. На падставе Саборнага акта 1839 года, які скасаваў грэка-каталіцкую царкоўную унію, пачалася актыўная рэканструкцыя каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў у праваслаўныя. Многія храмы падпадалі пад перапрацоўку ў псеўдарускі стыль.
У савецкі перыяд, 1920–1930-я гг., пад заклікам барацьбы супраць «рэлігійнага дурману» масава знішчаліся храмы ўсіх канфесій. Былі вынішчаны славутыя праваслаўныя манастыры Віцебска: Свята-Троіцкі (Маркаў) мужчынскі і Свята-Духаўскі жаночы. Побач з домам № 10 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Віцебску захаваліся рэшткі ўжо нядзеючай Вялікай Любавіцкай сінагогі, пабудаванай у пачатку ХХ ст. У 1923 годзе будынак сінагогі быў заняты аэраклубам, потым выкарыстоўваўся ў якасці Дома культуры дрэваапрацоўшчыкаў і, нарэшце, аддадзены пад склады. Зараз будынак знаходзіцца ў аварыйным стане: захаваліся толькі сцены і фасад, часткова – перакрыцці.
Многія будынкі храмаў былі страчаны назаўжды і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і пасля яе заканчэння. Па генеральных планах аднаўлення і рэканструкцыі гарадоў у пасляваенныя гады знішчаны архітэктурныя ансамблі старажытнага цэнтра Віцебска. Ужо ў 1960-я гады па загадзе мясцовых выканаўчых і партыйных органаў былі зруйнаваны ўнікальныя помнікі архітэктуры, безліч менш вядомых помнікаў нацыянальнага дойлідства. Цалкам былі разбураны Уваскрасенская і Успенская цэрквы, касцёл святога Антонія і кляштар бернардзінцаў, Фарны, Езуіцкі касцёлы, Благавешчанская і Свята-Духаўская цэрквы. Сярод страчаных каталіцкіх святыняў – касцёл і кляштар дамініканцаў, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар піяраў, касцёл у гонар Укрыжавання Хрыстовага і кляштар трынітарыяў і інш. Страчаная культавая спадчына г. Віцебска – гэта дзясяткі збудаванняў. Страчаная спадчына г. Віцебска.
З аднаўленнем ролі царквы ў грамадстве ў канцы 80-х гадоў ХХ ст. у г. Віцебску праводзяцца вялікія рэстаўрацыйныя і будаўнічыя работы па адраджэнні каштоўных, у архітэктурных адносінах, культавых збудаванняў горада. Адрэстаўрыраваны касцёл святой Барбары з брамай і агароджай (1785), Свята-Пакроўскі кафедральны гарадскі сабор (1814), унікальны храм ХІІ ст., адзін са старэйшых культавых помнікаў Віцебска – царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы і інш. Сярод адноўленых праваслаўных святыняў Віцебска па ўзоры папярэдніх храмаў – Свята-Успенскі кафедральны сабор і царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая). Праекты распрацаваны архітэктарамі І. М. Рацько і А. Д. Міхайлюковым. Храмы адноўлены ў пачатку XXI ст. Праца па аднаўленні культавых збудаванняў працягваецца. Так, вядуцца перадпраектныя работы па рэканструкцыі будынка касцёла святога Антонія Падуанскага. У 2017 годзе была створана «Эскізная прапанова» (архітэктар І. Радзько). Узводзяцца новыя культавыя будынкі, якія з'яўляюцца прыкладамі сучаснай сакральнай архітэктуры Віцебска. Напрыклад, велічны будынак у форме крыжа кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага.
ПРАВАСЛАЎНЫЯ ХРАМЫ
сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы (Свята-Пакроўскі кафедральны гарадскі сабор);
сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы (Свята-Успенскі кафедральны сабор);
царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы;
царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай (пры Свята-Троіцкім (Маркавым) мужчынскім манастыры);
царква ў гонар Праабражэння Гасподняга (ніжні храм Свята-Успенскага сабора);
царква ў гонар святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія (пры Віцебскай духоўнай семінарыі);
царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая);
царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.
КАТАЛІЦКІЯ ХРАМЫ
касцёл святога Антонія Падуанскага;
касцёл святой Барбары і святога Юзафа.
МАНАСТЫРЫ
Свята-Духаўскі жаночы манастыр;
Свята-Троіцкі (Маркаў) мужчынскі манастыр
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Богословская церковь / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2001. – 1 июня. – С. 4.
2. Абрамова, И. Витебские храмы / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2000. – 30 июня. – С. 5.
3. Абрамова, И. Ильинская церковь / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2003. – 10 окт. – С. 5.
4. Абрамова, И. Костел Святого Антония / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2004. – 25 мая. – С. 3.
5. Абрамова, И. Предместья Витебска / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1997. – 26 сент. – С. 3.
6. Абрамова, И. Троицкая (Черная) церковь / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2004. – 6 февр. – С. 5.
7. Абрамова, И. Храм Иоанна Богослова / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2001. – 5 янв. – С. 4.
8. Аляксандрава, А. Страчаная спадчына Віцебска ў фотапраекцыях Віктара Барысенкава / А. Аляксандрава // Краязнаўчая газета. – 2017. – № 8 (люты). – С. 3.
9. Багадухава, М. Культавая архітэктура Віцебска / М. Багадухава // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 21 (чэрв.). – С. 6.
10. Витебская епархия: справочник храмов, монастырей и приходов / Московский патриархат, Белорусский Экзархат. – Витебск : [Б.и.], 2017. – 279 с.
11. Віцебск // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя. – Мінск : Полымя, 1998. – С. 254–270.
12. Габрусь, Т. В. Специфика архитектоники униатских храмов Беларуси виленского барокко / Т. В. Габрусь // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / навук. рэд. А. І. Лакотка. – Мінск : Права і эканоміка, 2011. – Вып. 10. – С. 19–32.
13. Духовные святыни Витебщины = Geistliche Нeiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – С. 1–7.
14. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – 488 с.
15. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – 656 с.
16. Матвеев, А. Утраченное наследие. Как это было / А. Матвеев // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 27 авг. – С. ІІІ.
17. Ожешковская, И. Н. Сравнительный анализ крестово-купольных униатских храмов Витебской губернии во второй половине XVIII века / И. Н. Ожешковская // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F, Строительство. Прикладные науки. – 2014. – № 8. – С. 15–20.
18. Подлипский, А. Сегодня еще не памятник. А завтра?.. / А. Подлипский // Народнае слова. – 2006. – 8 чэрв. – С. 13.
19. Помнікі культавага дойлідства // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 607–621.
20. Страчаная спадчына // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 612–621.
21. Юрчак, Д. В. Восстановление разрушенных культовых объектов Витебска: история и перспективы / Д. В. Юрчак // Віцебскі край : матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля, 24 лістап. 2016 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2017 – Т. 2. – С. 138–146.
22. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : НББ, 2019. – 239 с.
СПАСЫЛКІ