Гарадская скульптура. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 08.04.2021 08:40
- Адноўлена 11.03.2022 11:19
Сучасныя скульптурныя кампазіцыі, у тым ліку манументальна-дэкаратыўная скульптура, накіраваны на аздабленне архітэктурнай прасторы, ансамбляў, будынкаў. За апошнія дзесяцігоддзі Віцебск значна ўзбагаціўся шэрагам такіх дэкаратыўных скульптур. Прывабліваюць увагу жыхароў і турыстаў скульптурныя дэкаратыўныя кампазіцыі на праспекце Фрунзэ: кампазіцыя з фантанам «Багіня медыцыны – Гігея» (2007, скульптар А. Н. Тарасян), якая размешчана каля навучальнага корпуса ВДМУ, і кампазіцыя «Вулічны клоўн» (2008, скульптар І. У. Казак), усталяваная каля Летняга амфітэатра; скульптурная дэкаратыўная кампазіцыя на вуліцы Талстога «Сан Крыспіна», дэкаратыўна-скульптурная кампазіцыя пад назвай «Львы» (2010) на Пушкінскім мосце праз р. Віцьба, скульптурная кампазіцыя «Скрыпка Шагала» або «Віцебская мелодыя на французскай скрыпцы» (1997, скульптар В. У. Магучы), усталяваная на Пакроўскай вуліцы каля дома-музея М. Шагала.
Сярод манументальна-дэкаратыўных скульптур можна таксама адзначыць скульптурныя кампазіцыі:
– «Анёл», прысвечаная віцебскаму мастаку, паэту і празаіку Алегу Прусаву (скульптар С. М. Сотнікаў) на вуліцы Чайкоўскага;
– «Віцебскі кандуктар» (2016, скульптар І. У. Казак) на вуліцы 5-я Фрунзэ перад будынкам трамвайнага дэпо;
– «Дружба народаў» (1952, скульптары І. Каладоўскі і С. Сотнікаў) на вуліцы М. Горкага, 36/25;
– «Дыялог» (2015, скульптар К. У. Селіханаў) на вуліцы Леніна перад будынкам Віцебскага рэгіянальнага аддзялення ААТ «Банк БелВЭБ»;
– «Муза» (1987, скульптар А. Н. Тарасян) на вуліцы Праўды каля камбіната мастацкіх вырабаў;
– «Закаханыя» ў парку Фрунзэ;
– «Зліццё рэк Віцьба, Лучоса і Заходняя Дзвіна», фантан (1987, скульптар А. Н. Тарасян) на вуліцы Леніна;
– «Ладдзя» на вуліцы П. Броўкі, 19 к. 4;
– «Леў» (2011) на вуліцы Леніна каля ГЗЦ «Марка-Сіці»;
– «Лучоса» (2018, скульптар С. М. Сотнікаў) на праспекце Будаўнікоў, 1 каля турысцка-гасцінічнага комплексу «Лучоса»;
– «Рыбка» (2017, скульптар І. У. Казак) на вуліцы Талстога, 15;
– «Стары Хатабыч» (2017, скульптар С. М. Сотнікаў) на вуліцы Пушкіна, 2;
– «Сустрэча» (2011, скульптары А. Н. Тарасян, А. М. Гвоздзікаў), першая платформа чыгуначнага вакзала станцыі Віцебск.
У 2018 годзе ў Віцебску ўсталявана скульптурная кампазіцыя ў гонар утварэння Віцебскай мытнай службы. Віцебская мытня, адзіная ў Беларусі, «мяжуе» з трыма краінамі: Расіяй, Латвіяй і Літвой, таму было вырашана пакінуць памяць у горадзе ў гонар 25-годдзя з пачатку ўладкавання і развіцця мытнай інфраструктуры, пунктаў пропуску. Менавіта з мытнай службы пачынаецца фарміраванне рэальнага вобраза Беларусі для замежных гасцей, афіцыйных асоб, турыстаў. Новая архітэктурная форма ўсталявана ў скверы ў раёне вуліцы Лазо, недалёка ад офіса ўстановы. Адна з частак кампазіцыі – мытная геральдыка, а на каваным паказальніку выгравіраваны напрамкі і адлегласці да Мінска, Масквы, Вільнюса, Рыгі і да месца размяшчэння Віцебскай мытні.
26 верасня 2020 года ў скверы на вуліцы Кірава пасля яго капітальнага рамонту адкрыта новая дэкаратыўная скульптура «Двое», прысвечаная моладзі 1960-х.
Сярод малых архітэктурных форм, якія з'явіліся ў горадзе ў апошняе дзесяцігоддзе, – скульптура рыцара ў даспехах на вуліцы Леніна, паруснік «Дзвіна» на тэрыторыі прадпрыемства «Віцебскводтранс», каваная паштовая скрыня на Маскоўскім праспекце ў раёне плошчы Перамогі, лаўка ў выглядзе матыля на пляцоўцы каля ЦУМа і гатэля «Віцебск», «Валёнак» на вуліцы Савецкай Арміі каля прадпрыемства «Элект», «Крот» на вуліцы Міра на тэрыторыі УП «Віцебскводаканал» і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Бульвар в стиле ретро / подгот. Т. Пастернак // Витебские вести. – 2020. – 29 сент. – С. 5.
2. Будкевич, М. Необычный почтовый ящик / М. Будкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 14 июля. – С. 23.
3. Бынькоў, А. Ад Вакзальнай да Кірава / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 16 янв. – С. 7.
4. Драбо, Т. Памятники и скульптуры – творение человеческих рук и мысли / Т. Драбо, Е. Морозова // Вестник Академии ветеринарной медицины. – 2016. – № 4 (окт). – С. 6.
5. Ляшук, С. Парусник «Двина» / С. Ляшук // Витебские вести. – 2019. – 17 сент. – С. 7.
6. Ляшук, С. Таланты машиниста / С. Ляшук // Витебские вести. – 2018. – 21 июля. – С. 9.
7. Пастернак, Т. С. Подарок от таможни / Т. С. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 3 апр. – С. 4.
8. Про Витебск : информационно-справочный каталог / гл. ред. И. Н. Макаренко ; отв. за вып. О. С. Ходырева. – [Минск, 2021]. – Вып. 7. – 104 с.
9. Степаненко, О. Маленькие шедевры большого города / О. Степаненко // Витебские вести. – 2013. – 15 окт. – С. 8.
10. Фондаренко, Н. А в это время в городе... / Н. Фондаренко // Віцебскі рабочы. – 2010. – 15 июля. – С. 2.
11. Шыёнак, М. Ззянне даспехаў / М. Шыёнак // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 8 сент. – С. 2.
12. Шэдзько, А. Незвычайныя помнікі Віцебска / А. Шэдзько // Герой працы (Шумiлiна). – 2020. – 24 сак. – С. 5.