Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рэкі. Дубровенскі раён

Рэкі Дубровеншчыны належаць да Верхнедняпроўскага гідралагічнага раёна. На тэрыторыі раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў – Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Па тэрыторыі сучаснага Дубровенскага раёна цячэ рака Дняпро, вядомая па старажытных крыніцах як Барысфен. Гэта магутная рака падзяляе раён на паўночную і паўднёвую часткі. У паўднёвай частцы ў Дняпро ўпадае Мярэя, Расасенка, Задубровенка, якія ў сваю чаргу звязаны з іншымі рачулкамі і ручаямі. У паўночнай частцы раёна блізка да Дняпра падыходзіць рака Вярхіта, якая праз сістэму азёр звязана з ракой Лучосай – прытокам другой вялікай ракі Віцебскай вобласці – Заходняй Дзвіны. Такім чынам, паўночныя рэкі Дубровеншчыны маюць выхад у басейн Заходняй Дзвіны, а паўднёвыя падыходзяць да вярхоўяў Проні, Басі, Віхры, (прытокаў Сожа) і звязваюць гэтую частку раёна разам з Магілёўшчынай у адзіны масіў – басейн Верхняга Падняпроўя.

На тэрыторыі Дубровеншчыны размешчаны 10 сажалак, 76 малых рачулак і ручаёў. Агульная працягласць рачной сеткі раёна – 535 км.

Бабровіца – рака, правы прыток ракі Вярхіта. Даўжыня 6 км. Пачынаецца за 5 км на паўночны ўсход ад вёскі Шэкі, вусце ў межах той жа вёскі. Цячэ па лясістай мясцовасці. Назва паходзіць ад назвы жывёлы – бабра.

Выдрыца – рака ў Дубровенскім і Аршанскім раёнах, левы прыток Аршыцы. Даўжыня 16,6 км. Пачынаецца з тарфянога кар’ера каля аграгарадка Асінторф Дубровенскага раёна, вусце за 2 км ад г. п. Арэхаўск Аршанскага раёна.

Вязаўка – рака ў Дубровенскім раёне і Руднянскім раёне Смаленскай вобласці (Расія), правы прыток ракі Альшанка. Даўжыня каля 13 км. Пачынаецца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Новая Зямля Дубровенскага раёна, вусце ў в. Красная Горка Руднянскага раёна. Ад вытоку на 6,5 км рэчышча каналізаванае, выконвае функцыі водапрыёмніка асушальнай сеткі. Па берагах ракі ў межах Беларусі пераважаюць меліяраваныя землі.

Задубровенка (Дубровенка) – рака, левы прыток Дняпра. У верхнім цячэнні называецца Дубровенка. Даўжыня – 19 км. Плошча вадазбору 84 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,6 %. Пачынаецца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі Волева, вусце ў г. Дуброўна. Цячэ пераважна на Аршанскім узвышшы, пад лесам – 20 %.

Закабыліца (Кабыліца) – рака, прыток Мярэі. Назва ўтворана ад населенага пункта Кабылле. Даўжыня 18 км. Пачынаецца за 2 км ад вёскі Калінаўка, вусце ў вёсцы Ляды. Рэчышча ў верхнім цячэнні спрамлена і ўяўляе сабой канал шырынёй 8 метраў. Пойма слаба выяўлена, выкарыстоўваецца для касьбы.

Івата – рака, прыток ракі Мярэя. Працягласць 7,7 км. Рэчышча натуральнае, звілістае. Пойма ракі шырынёй каля 100 м, выкарыстоўваецца для пасьбы жывёлы. Зараз рака ўяўляе сабой невялікі раўчук шырынёй да 1 м. Дно глеістае, зарослае цінай. Па берагах расце кустоўе.

Ірвяніца – рака, левы прыток ракі Мярэя. Працягласць – 11 км. Сярэдні нахіл воднай паверхні 3,6 %. Плошча вадазбору 22 км2. Пачынаецца за 2 км на захад ад вёскі Пунішча, вусце за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Ірвяніца. Рэчышча ракі ў верхнім цячэнні спрамлена, у ніжнім – натуральнае, звілістае. Пойма нешырокая, выкарыстоўваецца для сенанарыхтоўкі і пасьбы жывёлы. Зараз пойма ракі паступова ператвараецца ў забалочаную. Шырыня ракі 1–1,5 м, каля вёскі Ірвяніца – 3–4 м.

Крапівенка – рака, левы прыток ракі Днепр. Даўжыня 23 км. Плошча вадазбору 156 км2. Працякае ў паўднёвай частцы гаспадаркі ААТ «Праўда-С» (в. Сіпішчава) на працягу 10,8 км. Вусце каля вёскі Гацькаўшчына. Рэчышча натуральнае, звілістае. Пойма выражана слаба, выкарыстоўваецца для касьбы.

Лукі – рака, прыток Расасенкі. Працякае вакол в. Кляны і Цыбульскія. Працягласць – 7,0 км. У верхнім цячэнні рэчышча спрамлена і з’яўляецца водапрыёмнікам асушальных сістэм. Пойма часткова забалочана, зарасла хмызняком.

Любкіння (Любкіна) – рака. Упадае ў р. Расасенка. На тэрыторыі гаспадаркі «Гігант» рэчышча ракі ў верхнім цячэнні спрамлена і прадстаўляе сабой канал шырынёй 8 м, які выконвае функцыі водапрыёмніка асушальнай сеткі. Ніжэй па цячэнні рэчышча ракі натуральнае, звілістае, шырынёй да 8 м. Пойма ракі слаба выражана, выкарыстоўваецца ў асноўным для касьбы і пашы жывёлы.

Лютыня – рака, правы прыток Вярхіты, даўжыня 7,6 км. Працякае вакол возера Казённае. Вусце за 0,5 км ад вёскі Азёры. Цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці.

Перавалочка (Перавалачка) – рака, прыток Мярэі. Працягласць – 19 км. Пачынаецца за 1,5 км ад вёскі Ляхаўка, вусце на паўночнай ускраіне вёскі Казарынава. Цячэ па Смаленскім узвышшы. Рэчышча ракі нешырокае, звілістае, шырынёй 1–1,5 м. Пойма ракі выкарыстоўваецца для касьбы і пашы жывёлы.

Пнёўка (Пневічы) – рака ў Дубровенскім раёне і Горацкім раёне Магілёўскай вобласці, левы прыток Проні. Назву атрымала па населеным пункце Пнявічы. Даўжыня 10 км. Плошча вадазбору 36 км2. Пачынаецца за 1 км на поўдзень ад вёскі Пнявічы Дубровенскага раёна, цячэ па Смаленскім узвышшы, вусце за 1 км на поўдзень ад вёскі Шарыпы Горацкага раёна. Канал шырынёй ад 8 да 10 м. Рэчышча нешырокае, звілістае.

Свінка – рака, левы прыток Дняпра ў Дубровенскім раёне. Даўжыня – 10 км. Плошча вадазбору 52 км2. Пачынаецца каля вёскі Загваздзіна, вусце на паўночна-ўсходняй ускраіне г. Дуброўна. Рэчышча ракі натуральнае, звілістае. Пойма выражана слаба, часткова зарослая хмызняком, выконвае глебаахоўныя функцыі. Пад лесам 10 %.

Табора – рака, левы прыток ракі Днепр. Даўжыня 6,8 км. Пачынаецца за 1,9 км на паўночны захад ад вёскі Махначы, вусце ў лясным урочышчы Лугаўцы, за 2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Гацькаўшчына. Рэчышча ад вытоку на працягу 4,5 км каналізаванае.

Трэнь (Трань) – рака. Пачынаецца каля вёскі Пецькі. Працякае ў натуральным звілістым рэчышчы. Пойма ракі выяўлена слаба. Вада каламутная, месцамі зарослая цінай. Летам рака перасыхае.

Тухінька – рака, прыток Дняпра. Працягласць 4,6 км. Рэчышча ракі звілістае, шырынёй 3–6 м. Пойма слаба выяўлена, часткова зарасла хмызняком, выконвае глебаахоўныя функцыі.

Чыжоўка – рака, правы прыток Дняпра ў Дубровенскім раёне. Даўжыня – 14 км. Пачынаецца каля вёскі Косніца. Цячэ па Аршанскім узвышшы. Рэчышча ў верхнім цячэнні каналізаванае. Упадае аднайменны ручай.

Шчоўбня – рака, прыток ракі Расасенка. Шырыня – ад 2 да 4 м. Працякае ў паўднёвай частцы гаспадаркі імя Чарняўскага (в. Міхалінава) у звілістым рэчышчы напрацягу 5,2 км, ва ўсходняй частцы гаспадаркі ААТ «Прыдубровенскі» на працягу 9,6 км. Пойма нешырокая. Дно ракі глеістае, вада каламутная, зарослая цінай. Летам ракка месцамі перасыхае.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с.

2. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с.

3. Прыродная спадчына Дубровеншчыны : эколага-краязнаўчы даведнік / склад. Н. А. Дударава. – Наваполацк : ІП Маладзечкін А. У., 2015. – 56 с.

4. Дубровенскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1983. – Т. 2. – С. 230–231.