Рэлігія. Браслаўскі раён
- Подробности
- Створана 18.04.2017 08:40
- Адноўлена 28.01.2019 08:52
Браслаўскі раён, як і ўся наша краіна, шматканфесійны. На яго тэрыторыі дзейнічае 36 рэлігійных суполак, якія належаць шасці веравызнанням. Сярод рэлігійных суполак – рымска-каталіцкія (16), праваслаўныя (8), стараверскія (8), евангельскія хрысціян-баптыстаў (2), хрысціян веры евангельскай (1), мусульманская (1). Па колькасці рэлігійных суполак Браслаўскі раён займае першае месца ў вобласці.
Рэлігійныя служэнні праходзяць у 14 касцёлах, 7 праваслаўных і 8 стараверскіх царквах, 1 мячэці; службы евангельскіх хрысціян-баптыстаў і хрысціян веры евангельскай – у малітоўных дамах, якія належаць гэтым суполкам.
Браслаўская каталіцкая парафія была ўтворана ў межах Віленскай дыяцэзіі ў 1388 годзе. У 1669 годзе ў складзе дыяцэзіі налічвалася 26 дэканатаў. Узначальваў каталіцкую акругу ксёндз-дэкан, які адначасова быў настаяцелем прыходскага касцёла.
У 30-я гады ХХ ст. на тэрыторыі Браслаўскага павета існавалі 2 дэканаты – Мёрскі, які аб'ядноўваў парафіі ўсходняй часткі павета, і Браслаўскі. Паводле ўдакладненняў 1993 года Браслаўскі дэканат з сядзібай у Слабодцы ахоплівае парафіі на тэрыторыі Браслаўскага, Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў. У склад дэканата ўваходзяць наступныя парафіі Браслаўшчыны: Браслаўская, Відзаўская, Друйская, Дрысвяцкая, Далёкаўская, Бяльмонцкая, Іказненская, Замошская, Мяжанская, Пеліканская, Слабодская, Урбанская, Плюская. Адзін за адным хутка аднаўляліся прыходы, рамантаваліся занядбаныя храмы, будаваліся новыя: Мяжанскі, Урбанскі, Ахрэмаўскі.
Пры Браслаўскім касцёле Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі існуе сістэма катэхізацыі дзяцей – абучэнне асновам рэлігіі, падрыхтоўка да першай камуніі. У Браславе, у найбольш значных вёсках, дзеці перыядычна збіраюцца на заняткі, якія праводзіць арганістка, ці сёстры-законніцы. Зараз такім навучаннем ахоплена каля 300 дзяцей Браслаўскай парафіі.
Больш 60 гадоў пры Браслаўскім касцёле дзейнічае манаскі Дом сясцёр-служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі, або сясцёр-эўхарыстак. Ён быў заснаваны ў 1939 годзе. Сёстры-эўхарысткі дзейнічаюць у парафіях, аказваюць дапамогу ў ажыццяўленні рэлігійнага жыцця, клапоцяцца аб старых, нямоглых, хворых людзях, даглядаюць храмы, упрыгожваюць іх да святаў, выпякаюць камунікаты, выконваюць розную хатнюю працу.
Галоўнай хрысціянскай святыняй Браслаўшчыны з'яўляецца абраз Маці Божай Браслаўскай. Ён захоўваецца ў алтары касцёла і адкрываецца ў час найбольш урачыстых набажэнстваў. Абраз паходзіць з Браслаўскага мужчынскага манастыра, які існаваў на адным з астравоў возера Неспіш. Храм на востраве славіўся цудадзейным абразам Маці Божай. У пэўныя дні на полі перад возерам збіраўся вялізны натоўп вернікаў. Абраз выносілі з царквы, каб усе маглі ўбачыць святыню. Людзі спадзяваліся, што яна здольна пазбавіць іх ад хвароб, заступіцца за пакрыўджаных. У 1832 годзе манастыр згарэў ад удару маланкі, але абраз уцалеў. Паводле аднаго з паданняў святыню на наступны дзень пасля пажару знайшлі на суседнім востраве і перанеслі ў Браслаўскі касцёл. Маці Божаю Браслаўскую называюць яшчэ Валадаркай азёраў. Яна лічыцца заступніцай Браслава і ўсяго сінявокага краю.
Да канца 80-х гадоў на тэрыторыі Браслаўскага раёна былі адчынены толькі 2 праваслаўныя царквы – Браслаўская Свята-Успенская і Богінская Пакроўская, якія адносіліся да Глыбоцкага благачыння. Браслаўскае благачынне, якое было адноўлена ў 1990 годзе і аб'ядноўвае прыходы адміністрацыйнага раёна, складаецца з наступных прыходаў: Браслаўскага, Друйскага, Іказненскага, Замошскага, Дрысвяцкага, Казянскага, Богінскага. Благачынным з'яўляецца святар Браслаўскай царквы айцец Анатоль Іваноў.
З 1993 года пры Браслаўскай царкве пачала дзейнічаць нядзельная школа. Спачатку школа дзейнічала ў пакоі пры раённай бальніцы. Школу наведвае каля 40 дзяцей, якія дзяляцца на старэйшую і малодшую групы. Дзеці вывучаюць Закон Божы, Свяшчэннае пісанне. Нядзельная школа працуе таксама і пры Замошскай царкве.
Пасля зняцця многіх абмежаванняў на рэлігійную дзейнасць, браслаўскія хрысціянскія суполкі сталі браць удзел у грамадскім жыцці горада. У раённым Доме культуры адбываюцца канцэрты, прадстаўленні, якія ладзіць маладзёжны актыў каталіцкай парафіі. Пры касцёле ёсць добры харавы калектыў, якім кіруе арганістка Іна Сапун. Хор быў удзельнікам фестываляў сакральнай музыкі «Магутны Божа», выступаў у Мінску. Касцёл актыўна працуе з моладдзю, маладымі сем'ямі.
Значнымі падзеямі ў хрысціянскіх прыходах Браслава сталі ўрачыстасці з нагоды 100-гадовых юбілеяў касцёла і царквы. Царкоўны прыход адзначыў юбілей 28 жніўня, у дзень свята Прачыстай Прасвятой Багародзіцы, а каталіцкая парафія – 8 верасня, у дзень нараджэння Маці Божай. Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел шматлікія вернікі, праваслаўныя і каталіцкія святары Браслаўшчыны, суседніх раёнаў. На юбілеі царквы прысутнічаў епіскап полацкі і глыбоцкі Феадосій, а на ўрачыстасцях у касцёле – кардынал Казімір Свёнтак.
У жніўні 2003 года полацкай праваслаўнай епархіі быў перададзены былы будынак раённай бальніцы для стварэння ў ім манастырскага скіта Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Будынак адрамантаваны, манастыр ужо дзейнічае.
Па звестках перапісу насельніцтва ў Браслаўскім раёне пражывала каля 6000 рускіх, большасць якіх складаюць стараверы. Зарэгістравана 6 стараверскіх суполак. Малельні дзейнічаюць у Браславе, Відзах, Друі, Булавішках, Кірыліне, Буеўшчыне. Стараверы Браслаўшчыны належаць да паморскага кшталту беспапоўскага накірунку, прыхільнікі якога прытрымліваюцца поглядаў, што для выратавання душы непатрэбны святары, што кожны хрысціянін з'яўляецца святаром. Набажэнствы ў беспапоўцаў праводзяцца выбранымі духоўнымі настаўнікамі.
Асноўнае месца пражывання татараў на Браслаўшчыне – Відзы. Суполка тут узнікла ў канцы ХVІІІ ст., як калонія агароднікаў. У 1816 годзе арганізуецца магаметанскі прыход, у 1857 годзе ўзводзіцца драўляная мячэць. Дзякуючы мячэці, Відзы сталі духоўным цэнтрам для мусульман даволі значнай тэрыторыі. Святар татарскай мячэці – мула, карыстаўся вялізным аўтарытэтам сярод членаў суполкі. Ён быў не толькі духоўным настаўнікам, але і дарадчыкам, суддзёй у свецкіх справах, вёў метрычныя кнігі. У красавіку 1994 года зарэгістравана адноўленая мусульманская суполка, якая складаецца з 40 чалавек.
Таксама на тэрыторыі Браслаўскага раёна дзейнічаюць:
Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы і Касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (г. п. Відзы);
Царква і Касцёл ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла (в. Дрысвяты);
Царква у імя Свяціцеля Мікалая Цудатворца і Касцёл Божага Цела ў в. Іказнь;
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (в. Слабодка);
Касцел Найсвяцейшай Троіцы і кляштар бернардзінцаў у в. Друя, а таксама Касцёл Святога Антонія і кляштар дамініканцаў – не захаваліся;
Касцёл Святога Станіслава (в. Далёкія);
Касцёл Святога Юзафа (в. Барадзінічы);
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (аг. Опса);
ЛІТАРАТУРА
1. Белько, Ж. Пасхальный визит правящего архиерея / Ж. Белько // Браслаўская звязда. – 2017. – 27 мая. – С. 2.
2. Браслаўскія святары // Браслаўскія сшыткі: гістарычны зборнік / рэд. рада: К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў : Браслаўскае музейнае аб'яднанне. – 1997. – № 2. – С. 94–96.
3. Гармель, И. Огонёк в душе / И. Гармель // Белорусская нива. – 2006. – 20 мая. – С. 12.
4. Дольнік, Д. Прытулі нас, Валадарка азёр! / Д. Дольнік // Витебский проспект. – 2008. – 11 дек. – С. 4.
5. Дунец, В. Еднасць матэрыяльнага і духоўнага / В. Дунец // Браслаўская звязда. – 2012. – 1 верас. – С. 3.
6. Жук-Грышкевіч, Р. Векапомнае / Р. Жук-Грышкевіч // Павет (Браслаў). – 2003. – № 3 (сак.). – С. 3–4.
7. Іванова, Т. Праваслаўная моладзь свету на Браслаўшчыне / Т. Іванова // Браслаўская звязда. – 2010. – 7 жн. – С. 1, 3.
8. Казакевич, Д. Браславская Пасха / Д. Казакевич // Витебский проспект. – 2005. – 1 апр. – С. 1–2.
9. Ліпніцкі, В. Павязаныя Марыямпаль, Друя і Росіца / В. Ліпніцкі // Краязнаўчая газета. – 2009. – № 29 (жн.). – С. 5–6.
10. Лупач, З. Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію ў Дрысвятах / З. Лупач // Каталіцкі веснік. – 2017. – № 7 (ліп.). – С. 7.
11. Лупач, З. Святарскія пасвячэнні ў Браславе / З. Лупач // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 8 траўня. – С. 4.
12. Матэрыяльная і духоўная спадчына Браслаўскага краю // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 601–616.
13. Мізярска, Н. Каталіцкі касцёл на Віцебшчыне ў часы атэізму / Н. Мізярска // Каталіцкі веснік. – 2017. – № 12 (снеж.). – С. 6.
14. Палулех, З. Свецкія і рэлігійныя інстытуты знаходзяць паразуменне / З. Палулех // Браслаўская звязда. – 2012. – 2 мая. – С. 2.
15. Палулех, З. Супрацоўніцтва ўлады і царквы / З. Палулех // Браслаўская звязда. – 2013. – 5 чэрв. – С. 2.
16. Пашкевич, Т. Ради мира и согласия / Т. Пашкевич // Витебские вести. – 2017. – 7 дек. – С. 6.
17. Пашкевіч, Т. Вучыць жыць у душы з Богам / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2012. – 7 ліп. – С. 2.
18. Пашкевіч, Т. Марыя – Маці пакліканняў / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2012. – 25 жн. – С. 3.
19. Святар ад Бога // Каталіцкі веснік. – 2015. – № 9 (верас.). – С. 5.
20. Цярэнцьева, Н. Новае ў законе аб рэлігіі / Н. Цярэнцьева // Браслаўская звязда. – 2002. – 24 жн. – С. 1–2.
21. Якубовіч, Ч. Вяртайцеся да веры / Ч. Якубовіч // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 20 лют. – С. 2.