Aгульны стан эканомікі, Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 17.11.2023 07:26
- Адноўлена 15.01.2024 16:46
Сучасны Віцебск – гэта буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. У эканоміцы горада занята звыш 156 тысяч чалавек. Прамысловы патэнцыял горада налічвае больш за 320 суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку асноўных (буйных) прадпрыемстваў – 71.
Дамінуючае становішча ў структуры прамысловага комплексу займаюць арганізацыі, якія ажыццяўляюць вытворчасць і размеркаванне электраэнергіі, газу і вады. Іх доля ў аб'ёме прамысловай вытворчасці складае 45 %. Сярод асноўных трэба вылучыць РУП «Віцебскэнерга» і ВРУП «Віцебскаблгаз». На долю арганізацый горназдабываючай прамысловасці прыпадае 1,6 % ад агульнага аб'ёму прамысловай вытворчасці горада, доля прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці – 53,4 %, у тым ліку прадпрыемстваў, асноўным відам эканамічнай дзейнасці якіх з'яўляецца вытворчасць харчовых прадуктаў – 25,4 %, вытворчасць тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра – 23,6 %, вытворчасць электраабсталявання, электроннага і аптычнага абсталявання – 8,4 %, вытворчасць вырабаў з дрэва і паперы – 7,9 %, вытворчасць фармацэўтычных прэпаратаў – 6,3 %.
Значны ўклад у развіццё прамысловасці горада ўносяць ТАА «ВА "Энергакамплект"», ААТ «Даламіт», ААТ «Віцязь», ААТ «Віцебскі завод трактарных запчастак», ААТ «Віцебскдрэў», ПВУП «Віцебская лесапільня», СТАА «Белвест», ТАА «Кіруючая кампанія холдынгу "Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марка"», ААТ «Чырвоны Кастрычнік», ААТ «Віцебскія дываны», ТАА «Мясакамбінат Славянскі», ААТ «Віцебскі мясакамбінат», ААТ «Малако», ААТ «Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод», ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне"», КВУП «Кандытарская фабрыка "Віцьба"», ЗВУП «Вік-здароўе жывёл», ТАА «Рубікон».
На тэрыторыі горада размешчаны прадпрыемствы, якія з'яўляюцца адзінымі ў Віцебскай вобласці вытворцамі даламіту некальцынаванага, дываноў і дывановых вырабаў, адзення, аксесуараў адзення і іншых вырабаў з натуральнага футра, пліт драўнянастружкавых і аналагічных пліт з драўніны і іншых адраўнелых матэрыялаў, правадоў і кабеляў электрычных, фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў.
У прамысловым комплексе горада добра развіты машынабудаванне, прыборабудаванне і станкабудаванне. У гэтых галінах працуюць ААТ «Вістан», ААТ «Віцебскі маторарамонтны завод», ТАА «ВА "Энергакамплект"». Электронная прамысловасць прадстаўлена ААТ «Віцязь», ААТ «Канструктарскае бюро "Дысплей"», ААТ «Віцебскі завод электравымяральных прыбораў», ААТ «Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт"» і інш.
На лёгкую прамысловасць працуюць ААТ «Сцяг індустрыялізацыі», ААТ «Віцебскія дываны», холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марка"», СТАА «Белвест», КУВП «Віцебчанка» і інш. Працуюць таксама прадпрыемствы хімічнай і фармацэўтычнай (ТАА «Альянспласт», ТАА «Рубікон», ЗВУП «Вік-здароўе жывёл»), харчовай (Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты», ААТ «Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод», ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне"», КУП «Кандытарская фабрыка "Віцьба"» і інш.), лясной і дрэваапрацоўчай (ААТ «Віцебскдрэў», ПВУП «Віцебская лесапільня» і інш.) галін прамысловасці.
Будаўнічы комплекс горада сфарміраваны з будаўнічых арганізацый, прадпрыемстваў прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, праектных арганізацый. Са станоўчага боку зарэкамендавалі сябе праектныя інстытуты горада і вобласці, якія здольныя ажыццяўляць праектаванне аб'ектаў любой складанасці вытворчай і сацыяльнай сферы. Вядучымі сярод іх з'яўляюцца прадпрыемствы: УП «Інстытут Віцебскграмадзянпраект», УП «Віцебскжылпраект», ДП «Iнстытут Вiцебсксельбудпраект». Вытворчасцю будматэрыялаў займаюцца ААТ «Кераміка», ААТ «Даламіт», філіял «Завод зборнага жалезабетону № 3 г. Віцебска» ААТ «Крычаўцэментнашыфер» і інш. У Віцебску размешчаны прадпрыемствы, якія маюць магчымасць якасна і ў кароткія тэрміны ўзводзіць шматпавярховыя дамы і цэлыя раёны ў буйнапанэльным выкананні (ДП «Вiцебскi ДБК», ААТ «Жылбуд», ААТ «Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» і інш.). Нямалую долю ў будаўнічым працэсе выконваюць спецыялізаваныя арганізацыі, у тым ліку дарожна-будаўнічыя (КУП «Віцебскаблдарбуд», ААТ «ДБУ-45, г. Віцебск», ААТ «ДБТ-1, г. Віцебск»).
Віцебск падтрымлівае добрасуседскія сувязі з прыгранічнымі рэгіёнамі і развівае адносіны з краінамі далёкага замежжа, заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з 24 гарадамі-партнёрамі Расійскай Федэрацыі, Германіі, Латвіі, Арменіі, Ізраіля, Швецыі, Кітая, Малдовы, Балгарыі, Сербіі. Значная ўвага ўдзяляецца развіццю інфраструктуры горада, прыцягненню замежных інвестыцый, падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу, рэалізацыі інавацыйных і турыстычных праектаў.
Упэўнена асвойваюць знешнія рынкі суб'екты малога і сярэдняга бізнесу – вытворцы прыбораў начнога бачання, аптычных прыбораў і медыцынскага абсталявання ТАА НВФ «Дыполь», пастаўшчыкі медыцынскіх вырабаў і інструментаў ЗАТ «Медыцынскае прадпрыемства Сімург» і ТАА «Галтэяфарм», аўтагідрапад'ёмнікаў ПУП «Вітбудтэхмаш», вымяральнай тэхнікі для патрэб энергетыкі ТАА «МНВП "Электрапрыбор"» і ТАА «Энерга-Саюз».
Для далейшага развіцця эканомікі за кошт прыцягнення замежных інвестыцый і прагрэсіўных тэхналогій на тэрыторыі горада размяшчаецца свабодная эканамічная зона «Віцебск». Яе вытворчая тэрыторыя забяспечана ўсімі інжынернымі камунікацыямі, уключаючы пад'язныя аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, дзейнічае спецыяльны падатковы і мытны рэжымы. Будынкі, збудаванні і зямельныя ўчасткі здаюцца рэзідэнтам на ўмовах доўгатэрміновай арэнды. Зараз рэзідэнтамі СЭЗ «Віцебск» рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты з удзелам капіталу з шэрагу краін, у тым ліку Беларусі, Вялікабрытаніі, Расіі, Германіі, Польшчы, Кіпра, Ізраіля, Чэхіі і Іспаніі.
Прадпрыемствы г. Віцебска пастаўляюць прадукцыю ў 64 краіны свету, экспартна-імпартныя аперацыі ажыццяўляюцца з 93 краінамі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі горада з'яўляюцца: Расійская Федэрацыя, Германія, Кітай, Польшча, Латвія, Літва, Нарвегія, Украіна, Эстонія і Казахстан. Аснову экспарту складаюць: кабельна-правадніковая прадукцыя, тэлеапаратура, дываны і дывановыя пакрыцці, абутак, прадукцыя дрэваапрацоўкі, мяса, масла, малочныя і мясныя прадукты, паўфабрыкаты, лекавыя і ветэрынарныя прэпараты, рыбная прадукцыя, пластмасавыя і ўпаковачныя вырабы, гандлёвае абсталяванне і будаўнічыя матэрыялы. Імпартаваліся інвестыцыйныя тавары, сыравіна для вытворчасці прадукцыі, а таксама шэраг спажывецкіх тавараў, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.
У Віцебску зарэгістравана каля 3 тысяч прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і каля 8 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Сярод відаў эканамічнай дзейнасці, якой займаюцца прадпрымальнікі, пераважае гандаль – больш за 35 %, паслугі – каля 20 %, вытворчая дзейнасць – 15 %, транспартныя перавозкі – 8 %, будаўніцтва – 9 %.
Па стане на пачатак 2023 года гандлёвую інфраструктуру Віцебска прадстаўляюць больш за 4 тысячы рознічных гандлёвых аб'ектаў, 924 аб'екты грамадскага харчавання, 28 гандлёвых цэнтраў і 6 рынкаў. Бытавыя паслугі па горадзе аказваюць 1400 суб'ектаў гаспадарання.
Камунальную гаспадарку горада прадстаўляюць УКВП «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка», ДП «ВПКіЦС», КВУП «Віцебскі Зеленбуд», КУП вытворча-рытуальных паслуг «Віцебскі спецыялізаваны камбінат грамадзянскага абслугоўвання», КАУП «Спецаўтабаза г. Віцебска», ДП «ЖРЭТ г. Віцебска», КРУП «Гардармост».
Паслугі паштовай сувязі ў Віцебску аказвае віцебскі філіял РУП «Белпошта». Увесь спектр паслуг электрасувязі забяспечвае віцебскі філіял РУП электрасувязі «Белтэлекам». У горадзе дзейнічаюць кабельныя аператары УП «А1», ТДА «Перадавыя тэхналогіі», ТДА «Высокія Тэхналогіі Плюс». Паслугі сотавай сувязі ў Віцебску прапануюць аператары – А1, МТС. Life.
Віцебск звязаны з другімі гарадамі і рэгіёнамі з дапамогай чыгуначнага, паветранага і аўтамабільнага транспарту. Чыгуначныя лініі Віцебска абслугоўваюць накірункі «ўсход – захад» і «поўнач – поўдзень», злучаючы горад з Варшавай, Санкт-Пецярбургам і Мінскам, Кіевам і Масквой. Аўтамабільным транспартам забяспечваюцца пасажырскія і грузавыя перавозкі як унутры горада, так і паміж гарадамі Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя. Гарадскія пасажырскія перавозкі ажыццяўляюць ААТ «Вiцебскаблаўтатранс», дзяржаўны і прыватны таксапарк, маршрутныя таксі. У 11 км ад горада размешчаны Міжнародны аэрапорт Віцебск «Усходні», які аказвае ўсе віды авіяпаслуг і можа прымаць любыя паветраныя судны.
ЛІТАРАТУРА
1. Богачева, О. Перспективы в инновациях / О. Богачева // Рэспубліка. – 2023. – 20 мая. – С. 10.
2. Кочетов, С. Инфраструктура привлекает инвестиции / С. Кочетов // Витебские вести. – 2023. – 3 марта. – С. 8.
3. Кочетов, С. С опорой на внутренние силы / С. Кочетов // Витебские вести. – 2023. – 7 марта. – С. 5.
4. Любочка, С. Развиваться и работать в особых условиях / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 2 марта. – С. ІІІ. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
5. Ляшук, С. Ставка на новые рынки и импортозамещение / С. Ляшук // Витебские вести. – 2023. – 29 авг. – С. 5.
6. Мой регион – Витебская область : [монография] / под ред. Р. Я. Костеровой. – Витебск : ВГТУ, 2005. – 202 с.
7. Прамысловыя прадпрыемствы Віцебска // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 453–460.
8. Строчко, О. Д. Территориальная структура реального сектора экономики Витебской области : монография / О. Д. Строчко. – Витебск : ВГУ, 2008. – 187 с.
9. Фёдорова, Е. Инновации – наш драйвер, или Как сохранить технологический суверенитет / Е. Фёдорова // Витебские вести. – 2023. – 18 авг. – С. 11.
СПАСЫЛКІ
Итоги года для промышленных предприятий Витебской области
Экономик. Итоги социально-экономического развития г. Витебска в 2021 году