З першых дзён акупацыі ў тыле ворага пачаў зараджацца партызанскі рух, які набыў шырокі размах у 1943 годзе. Наваколлі Віцебска і Полацка сталі месцам узнікнення першых партызанскіх атрадаў на Віцебшчыне.
Партызаны абаранялі насельніцтва і аказвалі яму дапамогу ў часы блакад, карных экспедыцый, налётаў варожай авіяцыі. З партызанскіх аэрадромаў адпраўляліся ў савецкі тыл жанчыны і дзеці. Народныя мсціўцы нападалі на фашысцкія гарнізоны, грамілі паліцэйскія ўчасткі, вызвалялі населеныя пункты, адваёўвалі цэлыя раёны, дзе аднаўлялі савецкую ўладу.
Гэтыя тэрыторыі, вызваленыя партызанамі ў тылах нямецкіх войскаў, атрымалі назву партызанскіх зон і краёў. Партызанская зона ўключала населеныя пункты аднаго або некалькіх раёнаў, тэрыторыя якіх ўтрымлівалася і кантралявалася партызанамі. У ёй былі адноўлены органы і ўстановы савецкай улады. Партызанскі край, у сваю чаргу, аб’ядноўваў дзве і больш партызанскія зоны. На тэрыторыі Віцебшчыны самымі буйнымі з іх лічацца Суражская, Расонска-Асвейская, Полацка-Лепельская і Сенненска-Аршанская.
8 сакавіка 1942 г. ЦК КП(б)Б аднавіў работу Віцебскага абкама партыі. Група кіраўнікоў вобласці пачала працаваць пасля прыбыцця ў раён 4-й ударнай арміі. Віцебскі абкам партыі пастаянных тэрытарыяльных злучэнняў не ствараў. У вобласці брыгады дзейнічалі пад непасрэдным кіраўніцтвам падпольных райкамаў партыі, але ў аператыўных зносінах былі самастойнымі. З восені 1942 г. яны падтрымлівалі цесныя стасункі з Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) праз радыёсувязь і транспартную авіяцыю. Штодзённае кіраванне віцебскімі брыгадамі БШПР здзяйсняў праз аператыўную групу пры Ваенным савеце Калінінскага фронту, а з лістапада 1943 г. – праз прадстаўніцтва ЦШПР і БШПР на 1-м Прыбалтыйскім фронце. У перыяд правядзення буйных баявых аперацый Цэнтральны і Беларускі штабы партызанскага руху аб’ядноўвалі асобныя брыгады ў часовыя партызанскія злучэнні. Асаблівасцю партызанскага руху на Віцебшчыне з’яўлялася пастаянная сувязь партызан з часцямі Чырвонай арміі, савецкім тылам, Паўночна-заходняй аператыўнай групай ЦК КП(б)Б і СНК БССР. Згодна з рашэннем бюро партыі Віцебская вобласць была падзелена на чатыры «кусты»: віцебскі, аршанскі, лепельскі і полацкі. У кожны з іх уваходзіла па 4–5 раёнаў. Вясной і летам 1942 г. ЦК КП(б)Б і Віцебскім абкамам была створана шырокая сетка падпольных партыйных і камсамольскіх органаў. Да канца года на тэрыторыі вобласці функцыянавалі 16 падпольных райкамаў і 20 райкамаў камсамола.
На акупіраванай тэрыторыі Віцебскай вобласці актыўную дзейнасць вялі розныя партызанскія фарміраванні, якія складаліся пераважна па вайсковым прынцыпе. Асноўнай баявой адзінкай з’яўляліся партызанскія атрады (з колькасцю байцоў ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень). На працягу 1942 г. у рэгіёне дзейнічалі 173 партызанскія атрады. Вялікае значэнне на развіццё партызанскага руху аказвалі «Суражскія (Віцебскія) вароты», праз якія на Віцебшчыну з савецкага тылу прыбывалі асобныя атрады, арганізацыйныя і дыверсійныя групы.
З красавіка 1942 г. многія атрады сталі аб’ядноўвацца ў партызанскія брыгады, якія маглі самастойна вырашаць баявыя задачы і былі найбольш зручнай формай арганізацыі сіл партызан. У брыгаду ўваходзіла 3–7, а часам да 10 атрадаў. Колькасць байцоў у брыгадзе – ад 600–800 да некалькіх тысяч. У многіх атрадах ствараліся кулямётныя, мінамётныя і артылерыйскія падраздзяленні, зброевыя майстэрні. Самастойнымі структурнымі элементамі станавіліся разведвальныя падраздзяленні, гаспадарчыя і санітарныя службы. Агульнае аператыўнае кіраўніцтва атрадамі ажыццяўлялі камандаванне і штаб брыгады: яны распрацоўвалі планы баявых аперацый і кантралявалі ход іх выканання. Кіраўніцтва брыгады звычайна складалася з камандзіра, камісара, начальніка штаба, намеснікаў камандзіра па разведцы і дыверсіях, памочніка камандзіра па забеспячэнні і медыцынскай службе, памочніка камісара па камсамоле. Там, дзе сярод партызан было шмат вайскоўцаў, замест брыгад ствараліся партызанскія палкі. Па колькасці асабовага складу, узбраення, органам кіравання яны мала чым адрозніваліся ад брыгад.
Звычайна брыгада дыслацыравалася ў межах 1–2 раёнаў. У красавіку 1942 г. была арганізавана 1-я Беларуская брыгада – адна з першых на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Камандзірам брыгады быў прызначаны М. П. Шмыроў. У яе склад уваходзілі 968 байцоў, камандзіраў і палітработнікаў. У гэты ж перыяд была створана брыгада «Аляксея» ў Лёзненскім раёне, якую ўзначаліў А. Ф. Данукалаў. У другой палове 1942 г. працэс аб’яднання атрадаў у брыгады паскорыўся. Усяго ў 1942 г. у Прыдзвінскім краі дзейнічалі 23 брыгады, якія аб’ядноўвалі 140 атрадаў.
1943-ці стаў годам найвышэйшага ўздыму партызанскага руху на Віцебшчыне. Партызанскія брыгады пад кіраўніцтвам Віцебскага абкама партыі, ЦШПР і БШПР не толькі наносілі магутныя ўдары па ворагу, разбураючы камунікацыі і знішчаючы яго жывую сілу і тэхніку, але і займалі вялікія тэрыторыі.
У сувязі з вызваленнем Чырвонай арміяй тэрыторыі Смаленскай вобласці ў 1943 годзе ў Віцебскую вобласць перабазіраваліся 1-я і 16-я Смаленскія брыгады, Смаленскі партызанскі полк. Восенню гэтага ж года часцямі Чырвонай арміі пачалося вызваленне паўночна-ўсходніх раёнаў вобласці, таму трэба было правесці перагрупіроўку партызанскіх брыгад, засяродзіць асноўныя сілы для ўдараў па тылавых камунікацыях 3-й нямецкай танкавай арміі. З гэтай мэтай была арганізавана Полацка-Лепельская аператыўная група ЦШПР і БШПР, якая аб’яднала 16 партызанскіх брыгад, у баявы склад якіх на 15 студзеня 1944 г. уваходзіла 119 атрадаў агульнай колькасцю больш за 17 тыс. чалавек. У ходзе вызвалення тэрыторыі Віцебскай вобласці многія партызанскія фарміраванні злучаліся з вайсковымі часцямі.
Усяго на тэрыторыі Віцебшчыны ў розныя часы дзейнічалі 39 партызанскіх брыгад, якія аб’ядноўвалі 325 атрадаў, і 34 асобныя атрады. Гэта каля трэці ўсіх партызанскіх фарміраванняў Беларусі.
Дата існавання: студзень–сакавік 1942 – снежань 1943
Месца: Беларуская ССР, Віцебская вобласць: Суражскі, Віцебскі, Лёзненскі, Гарадоцкі, Мехаўскі раёны
Цэнтр: в. Пудаць, Суражскі р-н
Партызанскія фарміраванні:
1-я Беларуская брыгада
1-я Віцебская брыгада
2-я Беларуская брыгада імя П. К. Панмарэнкі
Брыгада імя А. Ф. Данукалава
Брыгада імя М. І. Кутузава Віцебскай вобласці
Брыгада імя Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола і інш.
Суражская партызанская зона (студзень–сакавік 1942 – снежань 1943) – вызваленая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў мясцовасць на паўночным усходзе Віцебскай вобласці, якая ўтварылася ў выніку скаардынаваных баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Суражскага раёна, часткі Віцебскага, Мехаўскага, Гарадоцкага і Лёзненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Яе ўтрымлівалі 1-я Беларуская партызанская брыгада, якой камандаваў М. П. Шмыроў (Бацька Мінай) і некаторыя іншыя партызанскія брыгады.
У варожай абароне ад Усвят да Веліжа Смаленскай вобласці ўтварыўся саракакіламетровы разрыў па фронце. Ён узнік у выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і вызвалення навакольных лясных раёнаў (вёсак) партызанамі Віцебскай вобласці. Партызаны дапамагалі часцям 4-й ударнай арміі ўтрымліваць пазіцыі. Так былі створаны знакамітыя «Віцебскія (Суражскія) вароты».
Дата існавання: май 1942 года – снежань 1943 года
Месца: Беларуская ССР, Віцебская вобласць: Ушацкі, Лепельскі, Ветрынскі, Полацкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Бешанковіцкі, Сіроцінскі, Шумілінскі раёны, Вілейская вобласць: Пліскі раён
Цэнтр: г. Ушачы
Партызанскія фарміраванні:
1-я Дрысенская брыгада
2-я Дрысенская брыгада
3-я Беларуская брыгада
4-я Беларуская брыгада
Асвейская брыгада імя М. В. Фрунзе
Брыгада «За Савецкую Беларусь»
Брыгада імя К. К. Ракасоўскага
Расонская брыгада імя І. В. Сталіна» і інш.
Расонска-Асвейская партызанская зона (май 1942 – снежань 1943) – вызваленая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў мясцовасць Беларусі, якая ўтварылася ў выніку скаардынаваных баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Расонскага, Асвейскага, часткі Дрысенскага і Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці.
Дата існавання: восень 1942 года – 11 красавіка 1944 года
Месца: Беларуская ССР, Віцебская вобласць: Ушацкі раён, Лепельскі раён, Ветрынскі раён, Полацкі раён, Глыбоцкі раён, Докшыцкі раён, Бешанковіцкі раён, Сіроцінскі раён, Шумілінскі раён, Вілейская вобласць: Пліскі раён
Цэнтр: г. Ушачы
Партызанскія фарміраванні:
1-я Антыфашысцкая партызанская брыгада
2-я Ушацкая брыгада імя П. К. Панамарэнкі
16-я Смаленская брыгада
Брыгада «За Савецкую Беларусь»
Брыгада імя К. Я. Варашылава
Брыгада імя А. Ф. Данукалава»
Брыгада імя С. М. Кароткіна
Брыгада імя У. І. Леніна
Брыгада імя П. К. Панамарэнкі
Брыгада імя А. В. Суворава
Брыгада імя УЛКСМ
Брыгада імя ЦК КП(б)Б
Брыгада імя У. І. Чапаева
Брыгада «Кастрычнік»
Лепельская брыгада імя І. В. Сталіна
Дыверсійная брыгада асобага прызначэння імя У. І. Леніна
Смаленскі партызанскі полк
Чашніцкая брыгада «Дубава» і інш.
Полацка-Лепельская партызанская зона (восень 1942 – 11.04.1944) – вызваленая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэрыторыя Беларусі, якая ўтварылася ў выніку скаардынаваных баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Ушацкага раёна, часткі Полацкага, Глыбоцкага, Докшыцкага , Лепельскага, Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Цэнтрам вызваленай партызанскай зоны стаў горад Ушачы.
Дата існавання: жнівень 1942 года – 1944 года
Месца: Беларуская ССР, Віцебская вобласць: Аршанскі раён, Сенненскі раён, Багушэўскі раён, Талачынскі раён
Партызанскія фарміраванні:
1-я Беларуская брыгада (другога складу)
1-я брыгада імя К. С. Заслонава
2-я Беларуская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (другога складу)
2-я брыгада імя К. С. Заслонава
Багушэўская брыгада
Брыгада «Граза»
Брыгада імя М. П. Гудкова
Брыгада імя А. Ф. Данукалава
Лёзненская брыгада
Сенненская брыгада і інш.
Сенненска-Аршанская партызанская зона (жнівень 1942 – 1944) – тэрыторыя на поўдні Віцебскай вобласці, у міжрэччы Заходняй Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якая кантралявалася партызанамі. Склалася да жніўня 1942 г. як ваенна-палітычны плацдарм для барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі на чыгуначных магістралях Барысаў – Орша – Смаленск, Віцебск – Орша і аховы мясцовага насельніцтва ад карнікаў. У межах зоны, якая ўключала Аршанскі, Сенненскі, Багушэўскі і Талачынскі раёны, вялі барацьбу з акупантамі 13 партызанскіх брыгад, каля 12 тыс. партызан.
1-я Антыфашысцкая партызанская брыгада У. У. Гіля-Радзівонава
1-я Беларуская брыгада
1-я Беларуская брыгада (другога складу)
1-я Віцебская брыгада
1-я Віцебская брыгада (другога складу)
1-я Дрысенская брыгада
2-я Беларуская брыгада імя П. К. Панамарэнкі
2-я Беларуская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (другога складу)
1-я брыгада імя К. С. Заслонава
1-я Смаленская брыгада
2-я брыгада імя К. С. Заслонава
2-я Дрысенская брыгада
2-я Ушацкая брыгада імя П. К. Панамарэнкі
3-я Беларуская брыгада
4-я Беларуская брыгада
5-я Калінінская брыгада
8-я Круглянская брыгада
11-я Калінінская брыгада
16-я Смаленская брыгада
Асвейская брыгада імя М. В. Фрунзе
Багушэўская брыгада
Багушэўская брыгада (другога складу)
Беларуская брыгада асобага прызначэння імя У. І. Леніна
Брыгада імя К. Я. Варашылава (Вілейская вобласць)
Брыгада імя К. Я. Варашылава (Віцебская вобласць)
Брыгада імя М. П. Гудкова
Брыгада імя А. Ф. Данукалава
Брыгада імя Г. К. Жукава
Брыгада імя С. М. Кароткіна
Брыгада імя А. М. Крыўскага
Брыгада імя М. І. Кутузава
Брыгада імя У. І. Леніна
Брыгада імя К. К. Ракасоўскага
Брыгада імя А. В. Суворава
Брыгада імя УЛКСМ
Брыгада імя ЦК КП(б)Б
Брыгада імя В. І. Чапаева
Брыгада імя Чырвонасцяжнага Ленінскага камсамола
Брыгада «Граза»
Брыгада «Жалязняк»
Брыгада «За Радзіму»
Брыгада «За Савецкую Беларусію»
Брыгада «Кастрычнік»
Брыгада «Няўлоўныя»
Брыгада «Спартак»
Брыгада «Чэкіст»
Лёзненская брыгада
Лепельская брыгада імя І. В. Сталіна
Расонская брыгада імя І. В. Сталіна
Сенненская брыгада
Чашніцкая брыгада «Дубава»
Смаленскі партызанскі полк
Асобны атрад Я. М. Дзюрбы
Асобны атрад Ц. Я. Ермаковіча
Асобны атрад Іванова – Я. Р. Нароенкі
Асобны атрад імя І. Ф. Бяляева
Асобны атрад імя В. П. Чкалава
Асобны атрад А. С. Пятрова
Асобны атрад «Меч»
Асобны атрад «Першыя»
Асобны Багушэўскі атрад
ЛІТАРАТУРА
1. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. / редкол.: А. Т. Кузьмин (гл. ред.) [и др.]. – Минск : Беларусь, 1983. – Т. 1 / Л. В. Аржаева [и др.] ; ред. И. М. Игнатенко [и др.]. – 591 с.
2. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. / редкол.: А. Т. Кузьмин (гл. ред.) [и др.]. – Минск : Беларусь, 1984. – Т. 2 / Л. В. Аржаева [и др.] ; ред. А. А. Филимонов [и др.]. – 551 с.
3. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. / редкол.: А. Т. Кузьмин [и др.]. – Минск : Беларусь, 1985. – Т. 3 / Л. В. Аржаева [и др.] ; ред. А. Н. Мацко [и др.]. – 531 с.
4. Ивицкий, А. М. Численность партизан Витебской области / А. М. Ивицкий // Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны : зб. навук. арт. / склад.: А. А. Крыварот [і інш.]. – Минск, 2015. – С. 114–120.
5. Иоффе, Э. Г. Витебская область / Э. Г. Иоффе, К. И. Козак // Высшее партизанское командование Белоруссии, 1941–1944 : справочник / Э. Г. Иоффе [и др.]. – Минск, 2009. – С. 114–139.
6. Иоффе, Э. Г. К вопросу о руководстве партизанским движением в Витебской области в 1941–1944 гг. / Э. Г. Иоффе // Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны : зб. навук. арт. / склад.: А. А. Крыварот [і інш.]. – Минск, 2015. – С. 109–114.
7. Літвін, А. Вызваленне Беларусі і выкарыстанне партызанскага фактару (восень 1943 – вясна 1944 гг.): Аршанская і Віцебская аперацыі і партызанскі рух на Віцебшчыне / А. Літвін // Беларускі гiстарычны часопіс. – 2004. – № 4. – С. 3–15.
8. Гінзбург, Б. Медыкі на вайне / Б. Гінзбург // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2001. – 16 чэрв.. – С. 2.
9. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): краткие сведения об орг. структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе / А. Л. Манаенков (рук.) [и др.]. – Минск, 1983. – Разд. 5 : Партизанские формирования Витебской области. – С. 220–368.