Рэлігія. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.01.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 09:33
Віцебск – горад, у якім на працягу доўгіх стагоддзяў мірна ўжываюцца прадстаўнікі розных рэлігій. Традыцыйнымі для горада з'яўляюцца канфесіі: праваслаўная, каталіцкая, стараверская, уніяцкая, евангелічна-лютэранская, іудаізм. У горадзе зарэгістравана 83 рэлігійныя абшчыны, якія адносяцца да 16 розных канфесій. Больш за палову з іх – да Беларускай Праваслаўнай Царквы. Маецца 47 асобных культавых будынкаў. Некаторыя знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва.
Віцебская праваслаўная епархія – адна з самых старажытных епархій на тэрыторыі Беларусі. Праваслаўныя храмы ў горадзе былі пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне X ст.
Пранікненне каталіцызму пачалося ў сувязі з актыўным развіццём гандлю. Істотнае павелічэнне каталікоў прыпадае на канец ХIV ст., калі былы князь віцебскі Ягайла падпісаў Крэўскую унію і стаў заснавальнікам польскай дынастыі Ягелонаў. З таго часу каталіцызм стаў традыцыйнай для горада канфесіяй. Пасля пашырэння пратэстанцкіх плыняў і перасялення яўрэяў на беларускія землі этнаканфесійнае становішча ў горадзе яшчэ больш змянілася. Віцебск стаў шматканфесійным горадам.
З другой паловы XVIII ст., пасля таго як Віцебск увайшоў у склад Расійскай імперыі, праваслаўе зноў атрымала прывілеяванае становішча, а колькасць цэркваў істотна павялічылася. У Віцебску існавалі багатыя традыцыі духоўнай адукацыі: мужчынскае і жаночае духоўныя вучылішчы, духоўная семінарыя. Было створана Віцебскае Епархіяльнае Братэрства ў імя святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра, на сродкі якога адкрылі Віцебскае царкоўна-археалагічнае старажытнасховішча. У пачатку XX ст. у Віцебску існавала 32 царквы.
Але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, з 1917 па 1937 гг., усе храмы горада былі зачынены і пераабсталяваны або разбураны. Многія праваслаўныя святыні з'яўляліся помнікамі архітэктуры: Свята-Успенскі кафедральны сабор, Свята-Васкрасенская царква, сабор Пятра і Паўла і іншыя. У 1961 годзе былі ўзарваны апошнія з захаваўшыхся храмаў-помнікаў горада – Свята-Дабравешчанская царква і Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор. У горадзе застаўся адзін дзеючы храм – Свята-Казанская царква Свята-Троіцкага (Маркава) манастыра, заснаванага ў XIV ст.
Аднаўленне ролі царквы ў грамадстве прыходзіцца на канец 80-х гадоў ХХ ст. У 1989 годзе быў створаны Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата на чале з мітрапалітам Мінскім Філарэтам. У 1992 годзе была адноўлена Віцебская епархія, кіраўнік якой, архіепіскап Дзімітрый, мае тытул епіскапа Віцебскага і Аршанскага. Ён жа з'яўляецца старшынёй епархіяльнага савета – органа кіравання епархіяй. Друкаванае выданне Віцебскай епархіі – газета «Наша праваслаўе».
Віцебская епархія падзяляецца на благачынныя акругі. Сёння іх дзве – Віцебская і Аршанская. Яны ўключаюць у сябе 21 благачынне (6 гарадскіх (4 – у г. Віцебску і 2 – у г. Оршы), 14 раённых (Віцебскае (2), Бешанковіцкае, Гарадоцкае, Дубровенскае, Лепельскае, Лёзненскае, Аршанскае (2), Сенненскае, Талачынскае, Чашніцкае (2), Шумілінскае) і 1 благачынне манастыроў). На момант аднаўлення ў Віцебскай епархіі было 9 храмаў і 12 святароў. Зараз 21 благачынне Віцебскай епархіі аб'ядноўвае 185 прыходаў (якія маюць юрыдычную рэгістрацыю) і 6 манастыроў (2 мужчынскія і 4 жаночыя). Па стане на чэрвень 2020 года ў Віцебскай епархіі здзяйсняюць служэнне 197 свяшчэннаслужыцеляў, з іх святароў – 150, дыяканаў – 47.
У Віцебску налічваецца 50 зарэгістраваных праваслаўных абшчын. Богаслужэнне вернікаў здзяйсняецца больш чым у 30 асобных культавых будынках, а таксама ў дамавых храмах і малітоўных пакоях, у тым ліку – пры Свята-Духаўскім жаночым манастыры, пры рэлігійных навучальных установах, пры воінскіх часцях, бальніцах і турмах. Будуюцца новыя храмы. Гарадскія прыходы г. Віцебска знаходзяцца ў складзе Мікалаеўскага, Петрапаўлаўскага, Аляксееўскага, Серафімаўскага благачынняў, а таксама ў благачынні манастыроў Віцебскай епархіі (царква ў імя Святога Духа, дамавая царква ў імя святой роўнаапостальнай Вольгі, вялікай княгіні Расійскай, і царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай).
Сярод адроджаных праваслаўных святыняў Віцебска трэба ўзгадаць царкву ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы – унікальны храм ХІІ ст., Свята-Пакроўскі кафедральны сабор і далучаную да яго царкву ў імя святога Афанасія (зараз – дамавы (хрысцільны) храм). У 1990-я гады былі распрацаваны праекты адраджэння Свята-Успенскага кафедральнага сабора і царквы ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая) па ўзоры папярэдніх храмаў (архітэктары І. М. Рацько і А. Д. Міхайлюкоў). Храмы адноўлены ў пачатку XXI ст.
Другой па колькасці вернікаў у Віцебску з'яўляецца каталіцкая канфесія. Дыяцэзія адноўлена ў кастрычніку 1999 года. Зараз у Віцебскай дыяцэзіі налічваецца 94 парафіі ў 11 дэканатах. Колькасць вернікаў Віцебскай дыяцэзіі складае прыкладна 170 тыс. чалавек. Ролю кафедральнага сабора Рымска-Каталіцкай Царквы да чэрвеня 2011 года выконваў сабор святой Барбары (помнік архітэктуры ХVIII ст.). 18 чэрвеня 2011 года біскупская кафедра была ўрачыста перанесена ў новы віцебскі храм – сабор Езуса Міласэрнага. Штогод у дыяцэзіі рэалізоўваюцца шматлікія праекты як рэлігійнага, так і культурнага характару. З 2000 года ў дыяцэзіі праходзяць Дні хрысціянскай культуры, падчас якіх для дзяцей і моладзі ладзяцца конкурсы батлеек і калядных спеваў «Бэтлеемская зорка». Віцебскай дыяцэзіяй з 2005 года праводзіцца Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Праблемы медыцынскай этыкі ў сучасным свеце» (разам з кіраўніцтвам аховы здароўя і аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама, Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам). У 2015 годзе ў дыяцэзіі пачалі праводзіць Парафіяду дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. З 2016 года падчас Тыдня малітваў за адзінства хрысціян у касцёле Езуса Міласэрнага праходзяць набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.
Да Віцебскага дэканата адносяцца шэсць парафій, якія існуюць, у асноўным, пры касцёлах. Дзве парафіі сваіх будынкаў не маюць. Капліца парафіі святога Уладзіслава, якая існуе ў Віцебску з 2008 года, знаходзіцца на трэцім паверсе арэндаванага памяшкання ў офісным будынку па вуліцы генерала Іваноўскага. Але ў красавіку 2020 года епіскап Віцебскай каталіцкай епархіі благаславіў падмуркі касцёла ў гонар святога Ігнація Лаёлы гэтай парафіі ў мікрараёне Білева. Архітэктурныя формы касцёла запраектаваны ў сучасным стылі, каб гарманічна ўпісацца ў навакольнае асяроддзе новага мікрараёна. Праектам прадугледжана малітоўная частка на 230 чалавек, адміністрацыйны блок з класамі і заламі для заняткаў. Будаўніцтва плануецца скончыць у 2021 годзе. Другая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі, утвораная у снежні 2006 года і тэрыторыя якой уключае вуліцу раёнаў ДСК і Маркаўшчыны, прыпісана да касцёла Езуса Міласэрнага.
Сярод страчаных каталіцкіх святыняў – касцёл і кляштар дамініканцаў, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар піяраў, касцёл Найсвяцейшай Троіцы і кляштар мар'явітак, касцёл святога Антонія і кляштар бернардзінцаў, касцёл святога архангела Міхаіла, касцёл святога Францішка Ксаверыі і кляштар езуітаў, касцёл Сімяона Богапрыемцы, касцёл у гонар Укрыжавання Хрыстовага і кляштар трынітарыяў.
Традыцыйнай для Віцебска з'яўляецца і рэлігія нашчадкаў перасяленцаў з Расіі (старавераў), якія не прынялі рэформы Рускай Праваслаўнай Царквы першай паловы XVII ст. Віцебск стаў адным з буйных цэнтраў іх кампактнага пражывання. На сённяшні дзень у горадзе дзве абшчыны старавераў размешчаны ва ўласных культавых будынках. Першае богаслужэнне ў царкве ў імя свяціцеля Хрыстовага Ніколы адбылося ў 2015 годзе.
У горадзе існуюць дзве іўдзейскія рэлігійныя абшчыны. Традыцыі развіцця іўдаізму ў г. Віцебску таксама маюць даўнія карані. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года тут было каля 70 сінагог і іўдзейскіх малітоўных дамоў. Пасля рэвалюцыі ўсе сінагогі былі ліквідаваны. Масавае знішчэнне яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны (у Віцебску загінула каля 20 тыс. яўрэяў), міграцыйныя працэсы прывялі да істотнага скарачэння ліку прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці. Апошнія 30 гадоў яўрэі Віцебска збіраліся на богаслужэнні ў прыстасаваным памяшканні (прыватным доме па вуліцы Калгаснай, 4). У 2017 годзе было завершана будаўніцтва сінагогі «Шацёр Давыда», а ў лістападзе прайшло ўрачыстае яе адкрыццё. Цырымонія стала падзеяй міжнароднага маштабу. На ёй прысутнічалі равіны і прадстаўнікі іўдзейскіх абшчын.
Сярод іншых канфесій па стане на 2019 год у г. Віцебску зарэгістраваны: грэка-каталіцкая царква (уніяты) – 2; лютэранская царква – 6; евангельскія хрысціяне баптысты – 3; новаапостальская царква – 1; хрысціяне веры евангельскай – 4; хрысціяне поўнага евангелля – 2; адвентысты сёмага дня – 4; сведкі іеговы – 1; прагрэсіўны іўдаізм – 1; бахаі – 1; крышнаіты – 1; мармоны – 1. Не ўсе зарэгістраваныя абшчыны маюць свае будынкі.
Зараз на тэрыторыі г. Віцебска знаходзяцца:
ПРАВАСЛАЎНЫЯ ХРАМЫ
сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы (Свята-Успенскі кафедральны сабор);
сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы (Свята-Пакроўскі кафедральны гарадскі сабор);
храм-капліца ў імя святога прападобнага Серафіма Сароўскага (прыход не зарэгістраваны);
царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы;
царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай (пры Свята-Троіцкім (Маркавым) мужчынскім манастыры);
царква ў гонар Ражджаства Хрыстовага;
царква ў гонар Праабражэння Гасподняга (ніжні храм Свята-Успенскага сабора);
царква ў гонар святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага;
царква ў гонар святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай;
царква ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (Рынкавая);
царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы;
царква ў імя іконы Божай Маці «Знахарка»;
царква ў імя святога апостала Андрэя Першазванага;
царква ў імя святога апостала і евангеліста Лукі;
царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца;
царква ў імя святога велікамучаніка Панцеляімана (г. п. Руба);
царква ў імя святога дабравернага вялікага князя Дзімітрыя Данскога;
царква ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага;
царква ў імя святога дабравернага князя Рамана Разанскага (п. Мішкава);
царква ў імя Святога Духа (пры Свята-Духаўскім жаночым манастыры);
царква ў імя святога мучаніка Лангіна Сотніка;
царква ў імя святога мучаніка Меркурыя Смаленскага (п. Тарны);
царква ў імя святога Прападобнага Сілуана Афонскага;
царква ў імя святога прарока Іліі;
царква ў імя святой блажэннай Матроны Маскоўскай;
царква ў імя святой пакутніцы Таццяны;
царква ў імя святой прападобнамучаніцы Еўдакіі (п. Вярхоўе);
царква ў імя свяціцеля Васіля Вялікага;
царква ў імя свяціцеля Ціхана Задонскага;
царква ў імя свяшчэннамучаніка Фадзея, архіепіскапа Цвярскога;
царква ў імя ўсіх святых.
КАТАЛІЦКІЯ ХРАМЫ
касцёл святой Барбары і святога Юзафа;
касцёл святога Антонія Падуанскага;
касцёл ў гонар святога Ігнація Лаёлы (у стадыі будаўніцтва)
МАНАСТЫРЫ
Свята-Духаўскі жаночы манастыр;
Свята-Троіцкі (Маркаў) мужчынскі манастыр.
У Віцебску дзейнічаюць храмы іншых канфесій:
іўдаізм: сінагога «Шацёр Давыда» (вуліца Грыбаедава);
стараверы: царква Успення Прасвятой Багародзіцы (вуліца 3-я Азіна), царква ў імя свяціцеля Хрыстовага Ніколы (вуліца Клінічная);
хрысціян веры евангельскай: царква «Уваскрасенне» (п. Руба), царква «Адраджэнне» (вуліца 6-я Задарожная), царква «Добрая вестка» (вуліца Чайкоўскага, адзін з будынкаў храмавага комплексу), царква «Новае жыццё» (вуліца Віцебская);
хрысціян-баптыстаў: царква «Надзея» (вуліца Зеленагурская), царква «Дом Евангелля» (вуліца 3-я Лінія);
адвентыстаў сёмага дня: цэнтральная царква адвентыстаў сёмага дня (пр-т Чарняхоўскага), 1-я царква адвентыстаў сёмага дня (вуліца Грыбаедава), 2-я царква адвентыстаў сёмага дня (1-я вуліца Бядулі),
грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква Уваскрасення Хрыстовага (вуліца 2-я Войкава);
новаапостальская царква (вуліца Канаплёва).
Духоўнымі навучальнымі ўстановамі г. Віцебска з'яўляюцца: Віцебская духоўная семінарыя і Віцебскае жаночае духоўнае вучылішча. Аднаўленне духоўных навучальных устаноў пачалося з адкрыцця ў 1996 годзе Віцебскага праваслаўнага вучылішча. У 2001 годзе ў г. Оршы быў адкрыты яго філіял. Віцебская духоўная семінарыя адноўлена рашэннем Святога Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы 30 мая 2011 года (заснавана ў 1806 годзе, у Віцебску з 1856 года). Віцебскае духоўнае вучылішча перамясцілася ў Оршу (на базе аршанскага філіяла) і перайменавана ў Аршанскае духоўнае вучылішча (2013). З 1998 года пры Віцебскай духоўнай семінарыі дзейнічае дамавая царква ў гонар святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія.
Пры храмах горада працуюць нядзельныя школы.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Витебские храмы / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2000. – 30 июня. – С. 5.
2. Абрамова, И. Предместья Витебска / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1997. – 26 сент. – С. 3.
3. Андреева, В. Благословение Витебску и всем живущим в нем / В. Андреева // Народнае слова. – 2009. – 9 крас. – С. 1–2.
4. Багадухава, М. Культавая архітэктура Віцебска / М. Багадухава // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 21 (чэрв.). – С. 6.
5. Бут, А. Нам дапаможа Бог / А. Бут // Віцебскі рабочы. – 2012. – 27 снеж. – С. 1–2.
6. Буткевіч, А. «Божы дар павінен служыць дабру» / А. Буткевіч ; гутарыў А. Бынькоў // Витебские вести. – 2016. – 23 июля. – С. 11.
7. Витебская епархия: справочник храмов, монастырей и приходов / Московский патриархат, Белорусский Экзархат. – Витебск : [Б.и.], 2017. – 279 с.
8. Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі: 20-годдзе ўтварэння дыяцэзіі (1999–2019) / [уклад. К. Лаўрыненкі ; фота: К. Лаўрыненкі, Л. Юрыка, З. Лупача]. – Мінск : Медысонт, 2019. – 347 с.
9. Восович, С. М. Культурно-просветительская деятельность Витебского Свято-Владимировского братства в конце XIX века / С. М. Восович // Вестник Полоцкого государственного университета. – 2008. – № 1. – С. 91–100.
10. Галубкова, Д. «Карытас» – значыць Любоў» / Д. Галубкова // Каталіцкі веснік. – 2019. – № 3 (сак.). – С. 6–7.
11. Герман, В. За словом целебным / В. Герман // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 4 дек. – С. V.
12. Дашкевич, В. «Одигитрия» в лицах / В. Дашкевич // Витебский проспект. – 2013. – 8 авг. – С. 5.
13. Димитрий (архиепископ). Помощь подается через молитвы и покаяние / Димитрий (архиепископ) ; беседовала В. Степанищева // Народнае слова. – 2009. – 14 крас. – С. 5.
14. Дни Христианской культуры // Твой город. – 2015. – 4 дек. – С. 4.
15. Догодька, В. Сретенские чтения / В. Догодька // Наше православие. – 2016. – № 2 (февр.). – С. 1.
16. Дощенко, М. Святыня, которой нет / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 9 авг. – С. 5.
17. Дынак, А. Капліца побач з фітнесам і аўташколай... / А. Дынак // Каталіцкі веснік. – 2016. – № 2 (люты). – С. 4.
18. Духовные святыни Витебщины = Geistliche Нeiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – 36 с.
19. Захаров, А. От песни к духовному единству / А. Захаров // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 10 авг. – С. 8.
20. Козловская, А. Нужно заботиться о душе / А. Козловская // Віцебскі рабочы. – 2013. – 5 студз. – С. 6.
21. Корбут, В. Цуды Успення і Уваскрасення над Дзвіной / В. Корбут // Беларусь = Belarus. – 2009. – № 8. – С. 34–35.
22. Крупица, Н. Скрепляющий нас стержень / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 23 нояб. – С. 4.
23. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – 488 с.
24. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – 656 с.
25. Лесная, О. Ю. Архитектурная эволюция культовых сооружений Витебска в связи с социально-политическими трансформациями / О. Ю. Лесная // Книжное наследие А. П. Сапунова : материалы республиканской научно-практической конференции к юбилеям издания А. П. Сапуновым книг «Витебская старина» (т. 1, 1883) и «Река Западная Двина» (1893), 23 декабря 2013 г. / [редкол.: А. И. Сёмкин и др.]. – Минск : НББ, 2014. – С. 244–248.
26. Матвеев, А. Утраченное наследие. Как это было / А. Матвеев // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 27 авг. – С. ІІІ.
27. Місевіч, В. Як працуе парафіяльная рада? / В. Місевіч // Каталіцкі веснік. – 2018. – № 9 (верас.). – С. 11.
28. Православная церковь на Витебщине (1918–1991) : документы и материалы / сост.: В. П. Коханко [и др.] ; редкол.: М. В. Пищуленок [и др.]. – Минск : Национальный архив Республики Беларусь, 2006. – 365 с.
29. Помнікі культавага дойлідства // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 607–621.
30. Смоткіна, Т. Конкурс нацыянальнай батлейкі ў Віцебску / Т. Смоткіна // Каталіцкі веснік. – 2015. – № 1 (студз.). – С. 5.
31. Степаненко, Н. И. Религии и неокультовые организации на Витебщине / Н. И. Степаненко. – Витебск : Витебское Епархиальное управление Белорусской Православной Церкви, 2005. – 164 с.
32. Степаненко Н. И. Религии на Витебщине: краткая история и современность / Н. И. Степаненко. – Витебск : [Б.и.], 2002. – 42 с.
33. Радзіхоўская, І. Духоўная размова пра вечнае / І. Радзіхоўская // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 10 жн. (№ 31). – С. 2.
34. Фондаренко, Н. Служить Богу, церкви, людям / Н. Фондаренко // Витебские вести. – 2014. – 21 июня. – С. 8.
35. Храмы // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур 2006. – С. 42–48.
36. Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник / сост. А. Матвеев, Н. Дубенецкий. – Витебск : Издательский отдел Витебской епархии, 2002. – С. 6–13, 18–78, 198–213.
37. Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя [Выяўленчыматэрыял] = Christian churches and temples of Belarus in the pictures of Ian Balzunkevich, early XX century : да двухтысячагоддзя Іісуса Хрыста / уклад.: А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч. – Минск : Ураджай, 2000. – 184 с.
38. Ярмусик, Э. С. Католический костел в Беларуси в 1945–1990 годах : монография / Э. С. Ярмусик. – Гродно : ГрГУ, 2006. – 568 с.
СПАСЫЛКІ