Асвета. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 09.03.2021 08:40
- Адноўлена 05.04.2024 09:36
У X–XIII стст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царкоўных кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы ў XIII–XIV стст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў.
У XIV–XVIII стст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі праваслаўныя брацтвы, базыльянскія школы і інш. У 2-й палове XVI ст. кальвіністамі было заснавана вучылішча. З 1641 па 1820 гг. дзейнічаў Віцебскі езуіцкі калегіум.
У канцы XVIII – пачатку XIX стст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. у Віцебску былі адкрыты рускія школы, вучылішчы, гімназіі. Першая руская школа была адкрыта ў канцы 1770-х гг. (у 1784 годзе ў ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія была адкрыта ў 1808 годзе, у 1834 годзе – Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 годзе – Віцебская Марыінская жаночая гімназія. З 1872 года медыцынскіх работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала Віцебская фельчарская школа. У 1890 годзе была адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 годзе – епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 годзе ў Віцебску існавалі 22 навучальныя ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у тым ліку павятовыя вучылішчы: двухкласнае і аднакласнае, прыходскае. Дзейнічала 5 бібліятэк і чытальня.
У 1910 годзе адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі інстытут, які быў пераўтвораны ў 1918 годзе ў педагагічны інстытут, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 годзе створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 годзе быў заснаваны механіка-будаўнічы тэхнікум, у 1921 – вышэйшы сельскагаспадарчы тэхнікум (з 1924 года – ветэрынарны інстытут), мастацкае вучылішча.
У 1940 годзе ў Віцебску працавалі 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадукацыйныя школы, 15 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 4 вышэйшыя навучальныя ўстановы, 2 навукова-даследчыя ўстановы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны горад быў разбураны. Былі знішчаны і ўстановы адукацыі.
У пасляваенныя гады (1945–1955) у Віцебску ідзе актыўнае аднаўленне і адкрыццё ўстаноў агульнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Так, у 1945 годзе быў адкрыты тэхнікум сувязі, у 1955 годзе – Віцебскі вячэрні тэхнікум лёгкай прамысловасці. У 1960–1970 гг. былі адкрыты тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці, індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. У 1971 годзе былі адкрыты індустрыяльны тэхнікум і культурна-асветніцкае вучылішча, а ў 1972 годзе – тэхнікум фізічнай культуры.
Рэформа 1984 года намеціла пераход на 11-гадовае навучанне ва ўстановах агульнай адукацыі. Для пачатковай школы быў зноў уведзены чатырохкласны тэрмін навучання, пачынаючы з шасці гадоў. У 1989 годзе ў эксперыментальным парадку сярод устаноў агульнай адукацыі з'явіліся навучальныя ўстановы новага тыпу – гімназіі.
У цяперашні час Віцебск мае добра распрацаваную сістэму адукацыі. Ва ўстановах адукацыі сфарміравана неабходнае адукацыйнае асяроддзе, а менавіта кадравыя, матэрыяльна-тэхнічныя і вучэбна-метадычныя рэсурсы, якія дазваляюць комплексна забяспечыць якасную адукацыю на ўсіх яго ўзроўнях, ад дашкольных устаноў да ВНУ.
У сістэму адукацыі Віцебска на канец 2023 года ўваходзяць 97 устаноў дашкольнай адукацыі (у тым ліку 5 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці), 8 гімназій, 39 школ, 11 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 5 вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ДУА «Дзіцячы дом г. Віцебска», ДУА «Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху», ДУА «Дапаможная школа № 26 г. Віцебска», ДУА «Віцебскі гарадскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі», ДУА «Віцебскі гарадскі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі», ДУА «Сацыяльна-педагагічны Цэнтр г. Віцебска». Акрамя таго працуюць 8 гарадскіх школ мастацтваў.
Сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі горада цалкам забяспечвае запыты сям'і. Установы дашкольнай адукацыі наведваюць больш за 17 тыс. выхаванцаў. У кожнай установе рэалізуюцца комплексныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей дашкольнага ўзросту, працуюць санаторныя і спецыяльныя групы, групы інтэграванага выхавання і навучання, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска навучаюцца больш за 36 тыс. навучэнцаў. Школы і гімназіі аснашчаны сучаснымі сродкамі навучання, маюць выхад у Інтэрнэт.
У школах ажыццяўляецца профільнае навучанне вучняў, а таксама правядзенне факультатыўных заняткаў прафесійна арыентаванай накіраванасці. Наладжана сістэма работы па развіцці творчых здольнасцяў навучэнцаў, адкрыты класы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні і профільныя класы. Функцыянуюць класы, групы педагагічнай і аграрнай накіраванасці, удасканальваецца арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў з улікам запатрабаванасці спецыяльнасцяў у сферы эканомікі.
Установы агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці. Актыўны ўдзел у рэспубліканскіх інавацыйных праектах прымаюць гімназія № 1 імя Ж. І. Алфёрава, гімназія № 5 імя І. І. Люднікава, сярэдняя школа № 3 і іншыя навучальныя ўстановы. У 2019/20 навучальным годзе звыш 400 педагогаў працавалі над рэалізацыяй 4 рэспубліканскіх эксперыментальных, 9 рэспубліканскіх інавацыйных і 22 абласных даследчых праектаў. Старэйшая навучальная ўстанова горада – гімназія № 2 – па выніках 2020 года аб'яўлена лепшай у Беларусі.
У кожнай установе агульнай сярэдняй адукацыі арганізаваны і актыўна працуюць навуковыя таварыствы навучэнцаў. Штогод праводзяцца раённыя конкурсы работ даследчага характару па прадметах фізіка-матэматычнага, гуманітарнага і навуковага цыклаў, краязнаўстве.
На базе сярэдняй школы № 46 імя І. Х. Баграмяна створаны Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі. Больш за палову вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі займаюцца ў школьных гуртках, студыях, калектывах мастацкай самадзейнасці, сярод якіх 15 з'яўляюцца ўзорнымі.
У сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі горада ўваходзяць 13 устаноў, якія прадстаўлены каледжамі і ліцэямі. Яны забяспечваюць падрыхтоўку практыка-арыентаваных рабочых і спецыялістаў для інавацыйных галін эканомікі ў Віцебскай вобласці. Удзяляецца сур'ёзная ўвага навучанню сучасным тэхналогіям і спецыяльнасцям IT-сферы. Паспяхова функцыянуюць вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, навукова-даследчыя лабараторыі. Так, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж па выніках работы за 2019 год прызнаны лепшым у Беларусі.
Значны аб'ём фундаментальных і прыкладных даследаванняў выконваецца ўстановамі вышэйшай адукацыі. Навуковы патэнцыял горада засяроджаны ў 5 вышэйшых навучальных установах Віцебска. ВНУ рэгіёна вядуць актыўную навукова-даследчую дзейнасць, маюць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзяржаўных стандартаў па спецыяльнасцях.
На сучасным этапе прыярытэтным напрамкам навукова-тэхнічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і Віцебскай вобласці адпавядае ДНУ «Інстытут тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», які праводзіць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, а таксама ажыццяўляе навукова-тэхнічныя распрацоўкі ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы, а таксама рэспубліканскіх і міжнародных праектаў Беларускага фонду фундаментальных даследаванняў.
У адукацыйнай прасторы горада значную ролю адыгрывае і рэлігійная адукацыя. Віцебская духоўная семінарыя з'яўляецца вышэйшай навучальнай установай Беларускай Праваслаўнай Царквы. У ёй праводзіцца падрыхтоўка свяшчэннаслужыцеляў, багасловаў, педагогаў, іншых царкоўных работнікаў для служэння ў дыяцэзіяльных і сінадальных установах, духоўных навучальных установах, замежных прадстаўніцтвах і іншых царкоўных і свецкіх арганізацыях.
Вялікая ўвага ў Віцебску надаецца адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку ва ўмовах інклюзіўнай адукацыйнай прасторы на ўзроўні як дашкольнай, так і агульнай сярэдняй адукацыі. У дашкольных і агульнаадукацыйных установах горада створаны ўмовы, каб дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымлівалі адукацыю ў сетцы спецыяльных і інтэграваных устаноў, класаў, груп, пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. 99,9 % дзяцей гэтай катэгорыі ахоплены рознымі відамі карэкцыйнай работы.
У ДУА «Віцебскі гарадскі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі» арганізавана навучанне дзяцей з парушэннямі псіхічнага і фізічнага развіцця з дзённым знаходжаннем на працягу 10,5 гадзін. Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да 3 гадоў атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу ў групах кароткачасовага знаходжання.
У ДУА «Дзіцячы дом г. Віцебска» выхоўваюцца дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, сацыяльныя сіроты, дашкаляты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Развіццём творчых здольнасцяў у дзяцей і падлеткаў займаюцца таксама ўстановы пазашкольнай і дадатковай адукацыі, сярод якіх школы мастацтваў і дзіцячыя музычныя школы, цэнтры творчасці і абласны Палац дзяцей і моладзі.
У ДУА «Віцебскі гарадскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» звыш 7 тыс. чалавек маюць магчымасць развіваць свае здольнасці ў музыцы, жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, спорце, тэхнічнай творчасці.
Сярэдняя спецыяльная адукацыя
Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, філіял УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт»;
Віцебскі філіял УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі»;
УА «Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву»;
УА «Віцебскі дзяржаўны індустрыяльны каледж»;
УА «Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж»;
УА «Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў»;
УА «Віцебскі дзяржаўны каледж электратэхнікі»;
УА «Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя акадэміка І. П. Антонава»;
УА «Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І. І. Салярцінскага»;
УА «Віцебскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і тэхналогій»;
УА «Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж».
Вышэйшыя навучальныя ўстановы
Віцебскі філіял УА Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА»;
УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны»;
УА «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт»;
УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт»;
УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава».
Спецыяльная адукацыя
ДУА «Віцебскі гарадскі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі»
ДУА «Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху»
Сацыяльна-педагагічныя ўстановы
ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Віцебска»
Пазашкольная адукацыя
ДУА «Віцебскі гарадскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі»;
ДУДА «Віцебскі абласны Палац дзецей і моладзі»;
ДУА «Дзіцячая мастацкая школа г. Віцебска»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў імя А. В. Багатырова г. Віцебска»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў № 1 г. Віцебска»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў № 2 г. Віцебска»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў № 3 г. Віцебска «Маладзiк»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў № 4 г. Віцебска»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў № 5 г. Віцебска»;
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў № 6 г. Віцебска».
Дадатковая адукацыя
ДУДАД «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі»
ЛІТАРАТУРА
1. Адукацыя на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, г. Віцебск, 30–31 сакавіка 2010 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч [і інш.]. – Віцебск : УА «ВДУ iмя П. М. Машэрава», 2010. – 255 с.
2. Бондарава, Т. Агульны клопат / Т. Бондарава // Настаўніцкая газета. – 2023. – 11 крас. – С. 5.
3. Бондарава, Т. Курс на развіццё / Т. Бондарава // Настаўніцкая газета. – 2023. – 7 лют. – С. 6.
4. Бондарава, Т. Шукаць і пераймаць / Т. Бондарава // Настаўніцкая газета. – 2023. – 21 сак. – С. 5.
5. Витебск / О. Н. Левко [и др.] // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 145–159.
6. Віцебск // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.] ; пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2018. – Т. 10 : Віцебская вобласць. – Кн. 1. – С. 11–50.
7. Воронич, Т. В. Витебские гимназии (1794–1918) / Т. В. Воронич, А. Ф. Самусик // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 703–704.
8. Ивченко, Л. География сотрудничества – от А до Я / Л. Ивченко // Витебские вести. – 2023. – 31 марта. – С. 11.
9. Ивченко, Л. Куда пойти? Чем заниматься? / Л. Ивченко // Витебские вести. – 2023. – 8 сент. – С. 7.
10. Навучальныя і навуковыя ўстановы Віцебска // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 461–468.
11. Рэдкія і неабходныя / падрыхт. В. Антоненкава // Настаўніцкая газета. – 2023. – 31 сак. – С. 12.
12. Тетерина, В. В. Из истории развития педагогического образования на Витебщине (1945–1980 гг.) / В. В. Тетерина, Н. К. Зинькова, Н. А. Ракова // Современное образование Витебщины. – 2015. – № 1. – С. 70–75.
13. Хома, Д. Л. На благо любимой Родины / Д. Л. Хома ; беседовала Е. Дубинская // Настаўніцкая газета. – 2023. – 26 верас. – С. 8–9.
14. Хмяльніцкая, Л. У. Развіццё асветы і народнай адукацыі ў Віцебску / Л. У. Хмяльніцкая // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 165–173.
15. Чэн, А. В. Развіццё народнай адукацыі ў Віцебску ў 1917–41 гг. / А. В. Чэн // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 263–266.
16. Яковлева, С. Большой педсовет: итоги и перспективы / С. Яковлева // Витебские вести. – 2023. – 29 авг. – С. 7.
СПАСЫЛКІ
Образование / Социальная сфера / Витебский областной исполнительный комитет