Помнікі архітэктуры. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 08.04.2021 08:40
- Адноўлена 16.12.2024 15:14
Віцебск – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Шматвяковая гісторыя бачна ў планіроўцы і ва ўсім абліччы горада. Тэрыторыя г. Віцебска прарэзана далінамі рэк Заходняй Дзвіны і яе прытокаў Віцьбы і Лучосы. Старажытны цэнтр горада – гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў IX – пачатку Х стст. узніклі 3 паселішчы. У X–XIII стст. Віцебск – умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Самым вядомым збудаваннем тых часоў з'яўляецца Благавешчанская царква. У 2-й палове XIII – пачатку XIV стст. сфарміраваліся Верхні (дзядзінец) і Ніжні (пасад), у XVI ст. – Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой.
Уяўленне пра планіроўку і забудову горада тых часоў дае ўнікальны графічны дакумент – «Чарцёж» Віцебска 1664 года. Сярод будынкаў XVII ст.: гасціны двор, Свята-Духаўская царква, Сімяонаўская царква, Спаса-Праабражэнская царква, Увядзенская царква і інш. У гэты перыяд сфарміравалася самабытная архітэктурная Віцебская школа дойлідства.
Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы XVIII – пачатку XIX стст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Заходняй Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Заходняй Дзвіны). Так сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай плошчы ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, будынак Віцебскага акруговага суда. Рыначную плошчу фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Заходняй Дзвіны знаходзіўся Віцебскі палац губернатара (перабудаваны сядзібны дом шляхціцаў Кудзіновічаў), у розных частках горада помнікі культавай архітэктуры – Успенская царква і манастыр базыльян, Варварынскі касцёл, Троіцкая царква Маркава манастыра, Троіцкая царква ў раёне Пескаватыка, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. У гэты перыяд на правым беразе Заходняй Дзвіны былі пабудаваны Віцебскія лабазы («Саляныя склады») – помнік архітэктуры класіцызму.
Сярод грамадскіх будынкаў канца XIX – пачатку ХХ стст. вылучаліся: мужчынская гімназія, жаночае епархіяльнае вучылішча, будынак Віцебскага пазямельна-сялянскага банка, будынак Віцебскага духоўнага вучылішча, будынак народнага мастацкага вучылішча (дом І. В. Вішняка), а таксама гарадскі сядзібны дом (па іншых звестках будынак талмуд-торы, вуліца Пушкіна, 2).
Да нашых часоў не захаваліся і лічацца страчанымі архітэктурнымі помнікамі: Віцебскі палац Агінскага (Ніжні замак), будынкі гасцінага двара (Узгорскі замак), Віцебскай бальніцы (сучасная вуліца Гараўца), мужчынскай гімназіі (сучасная вуліца Замкавая), вежа «Духаўскі круглік». Мастацкая рэканструкцыя апошняй была зроблена ў 2007 годзе.
Падчас Першай сусветнай вайны і інтэрвенцыі горад быў моцна разбураны.
У савецкі перыяд, разам з аднаўленнем краіны, пачалося будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў, жылля, грамадскіх будынкаў, транспартных аб'ектаў. У гады першых пяцігодак адначасова з увядзеннем у эксплуатацыю станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава, завода імя Камінтэрна, панчошнай фабрыкі імя К. Цэткін, абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік», льнопрадзільнай фабрыкі «Дзвіна» і іншых прамысловых прадпрыемстваў разгортваецца комплекснае жыллёвае і камунальна-бытавое будаўніцтва. У 1930-я гг. пачалі стварацца жылыя пасёлкі каля буйных прамысловых прадпрыемстваў, на галоўных магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу: жылы дом спецыялістаў, дом-камуна. Быў пабудаваны Віцебскі клуб металістаў.
Першы генеральны план сацыялістычнай рэканструкцыі горада, распрацаваны ў 1938 годзе (арх. А. Касьянаў), прадугледжваў захаванне існуючай планіровачнай структуры горада і яе паляпшэнне за кошт дыферэнцыяцыі вулічнай сеткі, пракладкі кальцавой магістралі, узбуйнення маштабу жылых і прамысловых раёнаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны горад быў зноў разбураны (ацалела каля 10 % жылой забудовы і прыкладна 20 % прамысловай). Аднаўленне і рэканструкцыя горада ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе вяліся на аснове генеральнага плана, распрацаванага ў 1946 годзе ў Харкаўскім аблпраекце (арх. А. Касьянаў), а потым па праекце карэкціроўкі генеральнага плана, выкананым у 1956 годзе ў Віцебскім філіяле Белдзяржпраекта (арх. В. Чарнышоў, А. і В. Данілавы). У праектах, якія развівалі радыяльную сістэму планіроўкі горада, было прадугледжана фарміраванне радыяльна-кальцавой структуры вулічнай сеткі. Былі вылучаны галоўныя магістралі, якія злучалі гарадскія раёны паміж сабой і з цэнтрам горада: у шыротным кірунку – ад вакзала па вуліцы Кірава, праз Заходнюю Дзвіну, па вуліцах Замкавай і Фрунзэ; у мерыдыянальнай – паралельна Заходняй Дзвіне па вуліцы Леніна з сістэмай плошчаў, размешчаных на гэтых кампазіцыйных восях горада, і яго грамадскага цэнтра – па вуліцах Прывакзальнай, Свабоды, Леніна і інш.
Разам з правядзеннем рэканструкцыі гарадскога цэнтра, пабудаваны чыгуначны вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В. Ладыгіна, Я. Заслаўскі), будынак нацыянальнага драматычнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (арх. А. Максімаў, Т. Рыскіна) і інш. Фарміраванне цэнтральных магістраляў і плошчаў горада вялося ў выглядзе ансамбляў. Іх забудова ажыццяўлялася па праектах, якія распрацавалі архітэктары В. Гусеў, А. і В. Данілавы, А. Максімаў, Т. Рыскіна, В. Ладыгіна, Я. Заслаўскі і інш.
З развіццём горада ўскладнялася і яго планіровачная структура, фармаваліся раёны, грамадскія цэнтры. Далейшае развіццё горада ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генеральным планам, распрацаваным у 1966 годзе ў Віцебскім аблпраекце (арх. В. Чарнышоў, А. і В. Данілавы).
У 1970 годзе быў праведзены конкурс на горадабудаўнічы ансамбль цэнтра горада. На аснове найбольш цікавых прапаноў у 1973 годзе быў распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнага раёна Віцебска (арх. А. Вельскі, А. і В. Данілавы, 3. Даўгяла). Па праекце ансамбль цэнтра горада прадугледжвалася развіваць уздоўж набярэжнай Заходняй Дзвіны і па вуліцы Леніна. У сістэму цэнтра ўключаліся і радыяльныя напрамкі, якія злучалі яго асноўнае ядро з цэнтрамі чатырох планіровачных раёнаў. Праект рэгенерацыі кварталаў з гістарычнай забудовай у цэнтральнай частцы Віцебска быў распрацаваны ў 1974 годзе інстытутам Белкамунпраект (арх. Г. Мятліцкі, Я. Фарбераў, В. Чэпік) сумесна з кафедрай тэорыі і гісторыі архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута.
У 1970–1990-я гг. развіццё горада ажыццяўлялася па генпланах 1975 і 1982 гг. У гэты перыяд была аформлена плошча 1000-годдзя Віцебска (арх. А. Вельскі, А. Данілава, Ю. Патапаў), завершаны ансамбль плошчы Перамогі і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол мемарыяла, сумежнага парку, набярэжнай Заходняй Дзвіны. Плошча Перамогі забудавана па перыметры ў асноўным жылымі дамамі. Сярод іх вылучаюцца 9-павярховы буйнапанэльны жылы дом з крамамі на першым паверсе (арх. А. Расейкін), а таксама 16-павярховы дом на паўднёвым баку плошчы (арх. У. Зубкоў, 3. Конаш), які служыць архітэктурным акцэнтам і завяршае ансамбль плошчы. Дом запраектаваны ў комплексе з ўстановамі грамадскага абслугоўвання. Сярод іх дамінуе будынак былога кінатэатра «Беларусь» (арх. Ю. Шпіт). Раёны масавай жылой забудовы адрозніваліся ад вядомага стылю «хрушчовак», які ў свой час дазволіў вырашыць жыллёвую праблему.
Актыўна вялося прамысловае будаўніцтва з выкарыстаннем прагрэсіўных горадабудаўнічых і тэхналагічных рашэнняў. У 1971 годзе за распрацоўку праекта і будаўніцтва ўсходняга прамвузла ў Віцебску архітэктары А. Данілава і І. Некрашэвіч узнагароджаны прэміяй Савета Міністраў СССР.
Сярод грамадскіх будынкаў можна адзначыць пабудаваныя ў савецкі перыяд: новыя карпусы медыцынскага (арх. В. Данілаў), педагагічнага (арх. У. Зубкоў, З. Конаш), ветэрынарнага (арх. А. Храчышнікаў) універсітэтаў, будынак 12-павярховай гасцініцы «Віцебск» (арх. В. Данілаў, З. Даўгяла), жылы дом з рэстаранам «Аўрора» (арх. А. Бельскі, А. Расейкін), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В. Кірылаў, А. Бельскі), кінатэатр «Брыганціна», летні амфітэатр (арх. В. Бабашкін), універмаг (арх. Э. Важнік) і інш.
Асаблівасцю прасторавай кампазіцыі забудовы цэнтра Віцебска з'яўляецца сістэма дамінант з двух або трох блізка размешчаных збудаванняў. Стварэнне падвойных або патройных вертыкальных акцэнтаў узмацняе кампазіцыйную ролю найбольш значных комплексаў. У комплекс агульнагарадскога цэнтра ўваходзіць парк культуры і адпачынку імя М. Фрунзэ (выставлена ў Прыродзе. Віцебск), размешчаны на берагах р. Віцьбы. У кампазіцыю парку ўключаны будынак Палаца культуры работнікаў лёгкай прамысловасці (зараз Канцэртная зала «Віцебск», арх. А. Вельскі, В. Кірылаў), узведзены на высокіх кропках рэльефу. Да Палаца ад вуліцы Леніна вядзе пешаходны мост праз р. Віцьбу, які злучае гістарычную зону цэнтра з паркам.
У 1983 годзе ў Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва быў выкананы праект карэкціроўкі генеральнага плана горада. У адпаведнасці з ім тэрытарыяльны рост горада ажыццяўляўся пераважна ў паўднёва-ўсходнім і паўднёвым кірунках, у раёнах з найбольш спрыяльнымі прыроднымі ўмовамі.
У 1986 годзе выкананы комплексны праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Віцебска, у распрацоўцы якога ўдзельнічалі спецыялісты Беларускага дзяржаўнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва, ВА «Белрэстаўрацыя», Віцебскграмадзянпраекта, Белжылпраекта. У праекце, пры захаванні гістарычнай планіровачнай структуры і забудовы, распрацаваны прапановы па сучасным выкарыстанні будынкаў з улікам грамадскіх функцый цэнтра. Пры рэканструкцыі гістарычных раёнаў важнай задачай стала стварэнне развітых пешаходных зон. У іх межах канцэнтруюцца грамадскія прадпрыемствы і ўстановы гандлю і харчавання, культурна-асветныя, відовішчныя, адміністрацыйныя, бытавога абслугоўвання і іншыя аб'екты, ствараюцца месцы адпачынку. Пешаходныя зоны арганізаваны на аснове найбольш каштоўнай у архітэктурна-мастацкіх і культурна-гiстарычных адносiнах гарадскога асяроддзя. Вылучаныя зоны: пешаходна-гандлёвая па вуліцы Суворава, пераважна пешаходныя па вуліцах Талстога, камісара Крылова, Маякоўскага.
Жылая забудова фарміравалася буйнымі масівамі на свабодных тэрыторыях у перыферыйных раёнах, а таксама шляхам замены малапавярховай амартызаванай забудовы 5–12-павярховымі дамамі буйнапанэльнага домабудавання.
У 1990-я гады на ўскраіне Віцебска з'явіліся раёны капітальнай індывідуальнай сядзібнай забудовы. Вялося выбарачнае будаўніцтва жылых і грамадскіх будынкаў у межах раней забудаваных тэрыторый.
Генеральны план Віцебска, зацверджаны ў 2003 годзе (БелНДІП-горадабудаўніцтва, арх. Т. Бутрымовіч і інш.), вызначыў перспектывы развіцця горада да 2020 года, зоны рэканструкцыі і мадэрнізацыі забудаваных тэрыторый горада.
Асноўным раёнам шматкватэрнай забудовы стаў раён Білева па Маскоўскім праспекце. Было прадугледжана завяршэнне будаўніцтва мікрараёнаў Поўдзень, па вуліцах Лазо і Праўды. Разам з 9-павярховай забудовай, планавалася прымяненне 2–4-павярховай жылой забудовы, а таксама выкарыстанне дамоў павышанай камфартабельнасці ў якасці кампазіцыйных акцэнтаў.
Сярод грамадскіх будынкаў канца ХХ – пачатку ХХІ стст. можна адзначыць: новы корпус тэхналагічнага ўніверсітэтата (2005), будынкі пракуратур Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў г. Віцебска (2010), бібліятэку медыцынскага ўніверсітэтата (2011), бізнес-цэнтр «Марко-сити» (2012), філіял Банка развіцця Рэспублікі Беларусі (2017), паліклініку ў мікрараёне «Поўдзень-7» (2019), сярэднія школы № 46 і № 47 і інш. Пабудаваны новыя спартыўныя аб'екты: Лядовы палац (1999 г., арх. І. Боўт, А. Шафрановіч), цэнтр па скачках на батуце (2018), футбольны манеж дзіцяча-юнацкай школы ФК «Віцебск» (2020). 15 ліпеня 2020 года адкрыты рух транспарту і пешаходаў на рэканструяваным Полацкім пуцеправодзе, які з'яўляецца цэнтральнай транзітнай артэрыяй горада. Пуцеправод быў пабудаваны яшчэ ў канцы XIX ст. Ён размешчаны на перасячэнні вуліц Касманаўтаў, Цітова і Ленінградскай і не толькі злучае розныя раёны горада, але і з'яўляецца працягам рэспублiканскiх дарог, якія вядуць на Полацк, Гарадок і далей – у Расію і Латвію. Апошні раз пуцеправод быў рэканструяваны ў 1958 годзе. Працягласць новага моста больш за 400 м. У планах на 2021 год завяршэнне рэканструкцыі вуліцы Гагарына. Працягваецца рэканструкцыя Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў па праспекце Фрунзэ, пачнецца будаўніцтва самай вялікай у паўночным рэгіёне дзiцячай дашкольнай установы на 850 месцаў у мікрараёне Білева-3.
У цэнтральнай частцы г. Віцебска захавалася гістарычная планіроўка XVI–XVII стст., мураваная забудова і асобныя помнікі архітэктуры XVIII – пачачку ХХ стст.:
забудова вуліцы камісара Крылова;
Сёння немагчыма вызначыць архітэктурны стыль горада. Але новае будаўніцтва жылых дамоў, грамадскіх будынкаў, гандлёва-забаўляльных комплексаў, спартыўных аб'ектаў вядзецца ў горадзе па індывідуальных праектах вядучых праектных арганізацый з улікам сучасных тэндэнцый. Гэта ўзбагачае ўспрыманне гарадской прасторы побач з унікальным ландшафтам Віцебска і стварае непаўторнае аблічча горада.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Смоленские площади Витебска / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2008. – 6 сент. – С. 3.
2. Абрамова, И. Старые дома / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2004. – 26 нояб. – С. 4.
3. Антонов, С. На конструктивизм – повышенный спрос / С. Антонов // Витебские вести. – 2020. – 5 нояб. – С. 19.
4. Бынькоў, А. Ад Ветранай да Чэхава / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 11 июля. – С. VII.
5. Бынькоў, А. Ад Вялікай да Замкавай / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 13 февр. – С. 11.
6. Бынькоў, А. Ад Ніжне-Пятроўскай да Камсамольскай / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 30 янв. – С. ІІІ.
7. Бынькоў, А. Ад Полацкай да Цітова / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 15 авг. – С. 11.
8. Бынькоў, А. Ад Суражскай да Гагарына / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 14 дек. – С. 12.
9. Бынькоў, А. У гонар касманаўткі № 1 / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 10 сент. – С. VII.
10. Бынькоў, А. Уздоўж па Віцебскай ... / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 25 июня. – С. 21.
11. Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Мінск : РИФТУР, 2003. – С. 28, 30–33, 35, 39, 72.
12. Витебск = Vitebsk: архитектурный портрет на фоне 1000-летия : художественно-изобразительный фотоальбом / текст, фото С. Мельник. – Мінск : Поликрафт, 2008. – С. 1–16.
13. Витебск // Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце : у 4 т. / рэдкал.: А. І. Лакотка [і інш.] ; [навук. рэд. А. І. Лакотка]. – Мінск : Беларуская думка, 2009. – Т. 4, кн. 2 : XX – пачатак XXI ст. – С. 235–241.
14. Горад Віцебск // Дзяржаўны спісак гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі [і інш.]. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – С.116–134.
15. Давидовская, О. Улица Льва Доватора / О. Давидовская // Народнае слова. – 2010. – 8 мая. – С. 7.
16. Дощенко, М. В духе просвещения / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 5 июля. – С. 5.
17. Здание на Пушкинской // Мы і час (Віцебск). – 2018. – 15 чэрв. – С. 2.
18. Кавалеўскі, С. Два імгненні / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2018. – 8 сент. – С. 12.
19. Кавалеўскі, С. Трамвайнае рэха плошчы [Свабоды] / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2020. – 11 июля. – С. 14.
20. Конохова, Н. Кто ты, старый дом? / Н. Конохова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 12 дек. – С. 6.
21. Котович, Т. В. # UNOVIS 100: пангеометрия города : монография / Т. В. Котович, А. Э. Духовников. – Витебск : ВГУ, 2020. – 275 с. – (Витебские конспекты)
22. Крупица, Н. Теплотрасса среди артефактов / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 30 мая. – С. 13.
23. Ляшук, С. Віцебская Рагатка / С. Ляшук // Витебские вести. – 2017. – 9 февр. – С. 20.
24. Макеев, А. А. Соединяя прошлое и будущее / А. А. Макеев ; беседовала Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 25 июня. – С. V.
25. Нестеров, А. «Марко-сити» открылся / А. Нестеров // Витебский проспект. – 2012. – 10 мая. – С. 2.
26. Новый спортивный объект // Твой город (Витебск). – 2018. – 13 дек. – С. 3.
27. Подлипский, А. Вот эта улица, вот этот дом: Витебск 100 лет назад / А. Подлипский // Народнае слова. – 2002. – 16 ліп. – С.8
28. Подлипский, А. Музыка старинного металла / А. Подлипский // Народнае слова. – 2002. – 14 снеж. – С. 8.
29. Подлипский, А. По Коммунистической / А. Подлипский // Витебский проспект. – 2010. – 11 февр. – С. 6.
30. Подлипский, А. Улица актера Ильинского / А. Подлипский // Народнае слова. – 2006. – 10 сак. – С. 8.
31. Подлипский, А. М. Улица Ленина, 12, 14, 16 / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2020. – 127 с. – (Биография витебского дома. Вып. ХІ).
32. Серебренникова, А. Дом Левинтова ждет капремонта / А. Серебренникова // Твой Город (Витебск). – 2014. – 22 мая. – С. 5.
33. Серебренникова, А. Кто живет в доме на Комсомольской, 28? / А. Серебренникова // Твой город (Витебск). – 2014. – 10 апр. – С. 5.
34. Соловьева, Т. Бывшая Конная, она же Красная... / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 24 окт. – С. 8.
35. Соловьева, Т. Витебские символы эпохи конструктивизма / Т. Соловьева // Твой город (Витебск). – 2014. – 20 нояб. – С. 5.
36. Соловьева, Т. Площади, которых нет / Т. Соловьева // Твой Город (Витебск). – 2015. – 26 февр. – С. 6.
37. Соловьева, Т. Марковщина. Путешествие в прошлое / Т. Соловьева // Твой Город (Витебск). – 2014. – 18 сент. – С. 5.
38. Соловьева, Т. Торговая, Соборная... / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 25 июля. – С. 8.
39. Соловьева, Т. Улица Чехова: слияние эпох / Т. Соловьева // Твой Город (Витебск). – 2015. – 22 янв. – С. 6.
40. Чарняўская, Т. І. Архітэктура Віцебска: з гісторыі планіроўкі і забудовы горада : манаграфія / Т. І. Чарняўская ; рэд. У. А. Чантурыя. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1980. – 112 с.
41. Шпаковская, Г. Новоселье в технологическом университете / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2005. – 29 снеж. – С. 1.
42. Якимович, Ю. А. Зодчество Белоруссии / Ю. А. Якимович. – Минск : Навука і тэхніка, 1991. – С. 58–75.
43. Якімовіч, Ю. А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX – пачатку XX ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Минск : Полымя, 1990. – 45 с.
44. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – 239 с.